BE RU EN

Цэны на нафту Urals ідуць на дно і цягнуць за сабой Лукашэнку

  • 18.10.2025, 18:00

Цэны на расійскую нафту маркі Urals упалі да мінімальнага ўзроўню з вясны гэтага года.

Праект расійскага бюджэту, які шмат хто лічыць песімістычным, можа аказацца занадта аптымістычным. А стрыманы прагноз лукашыстаў на будучы год — занадта амбіцыйным, піша planbmedia.io.

Паводле звестак агенцтва Reuters, у сярэдзіне гэтага тыдня каціроўкі расійскай нафты апускаліся ніжэй за цэнавы ліміт, устаноўлены Еўрасаюзам, у 47,6 долара за барэль. Прычына — зніжэнне сусветных цэн пасля пагаднення паміж Ізраілем і ХАМАС. І паколькі пры гэтым нафтаздабыўныя краіны працягваюць нарошчваць здабычу, шанцаў на тое, што нафта зноў будзе даражэць, не вельмі шмат.

Пры гэтым першапачаткова расійскі бюджэт планавалі, зыходзячы з цаны Urals 70 долараў за барэль. Потым ацэнку панізілі да 58. На наступны год расійскі Мінфін прагназаваў павышэнне цаны да 59 долараў. Зыходзячы з гэтай песімістычнай ацэнкі, ён спрагназаваў нафтагазавыя даходы на 20 працэнтаў ніжэйшыя, чым сёлета, і дэфіцыт бюджэту ў 3,8 трыльёна расійскіх рублёў.

Аднак, калі цэны на нафту не апамятаюцца, то цяперашні песімізм апынецца аптымізмам. Прынамсі, сёлета стан расійскага бюджэту і расійскай эканомікі ўжо аказаўся горшым за песімістычныя прагнозы.

І паколькі 67 працэнтаў беларускага экспарту ідзе ў Расію, цярпець ад гэтага даводзіцца і нам.

Таму на наступны год лукашыстам давялося моцна ўмераць свае амбіцыі.

«Трэба сур'ёзна папацець, каб выканаць гэтыя задачы, нават калі яны здаюцца не такімі вялікімі», — сказаў кіраўнік Нацбанку Раман Галоўчанка.

Праўда, беларускія ўлады загналі сябе ў такую ступень залежнасці ад Расіі, што ад іх цяпер мала што залежыць. І колькі б Галоўчанка ні пацеў на сваім працоўным месцы, попыт на расійскім рынку ад гэтага не вырасце.

Апошнія навіны