The Economist падлічыў велізарныя страты Пуціна на вайне
- 18.10.2025, 17:24
Выданне апрацавала даныя з больш як 200 розных крыніц.
Наступ у Украіне вясной 2025 года, які распачаў расійскі дыктатар Пуцін, прынёс Расіі велізарныя страты. Не менш за 100 тысяч расіян было ліквідавана Узброенымі сіламі Украіны, затое РФ захапіла 0,4% украінскай тэрыторыі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на выданне The Economist.
Выданне апрацавала даныя з больш як 200 розных крыніц, сярод якіх урадавые ацэнкі і недзяржаўныя незалежныя даследаванні. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года і да студзеня 2025 года Расія, паводле падлікаў, страціла 640–877 тысяч адзінак жывой сілы, з якіх 137–228 тысяч ліквідавана.
Але з 1 студзеня па 13 кастрычніка 2025 года страты РФ выраслі амаль на 60%. Цяпер яны складаюць прынамсі 984–1438 тысяч адзінак жывой сілы, у тым ліку ад 190 да 480 тысяч ліквідаваных.
Мізэрныя поспехі за вялікую цану
Пры гэтым рэзкі рост страт РФ не прывёў да паскарэння захопу украінскай тэрыторыі. З моманту стабілізацыі лініі фронту пасля кастрычніка 2022 года яна фактычна не змянялася.
Выданне падлічыла, што пры захаванні тэмпаў расійскіх «поспехаў» Крамлю ўдасца канчаткова акупаваць Данецкую, Луганскую, Запарожскую і Херсонскую вобласці не раней за чэрвень 2030 года, а на поўную акупацыю Украіны спатрэбіцца 103 гады.
З мая расіянам удалося акупаваць толькі 0,4% украінскай тэрыторыі. Ключавыя гарады ў Данецкай вобласці — Пакроўск і іншыя — кантралююцца украінскімі войскамі. У той жа час Украіна панесла значна меншыя страты — нават у самым скептычным сцэнары гэта можа быць суадносіны «адзін да пяці».
Катастрофы ў ЗСУ не будзе
Чакаць раптоўнага падзення украінскай абароны не варта, адзначае выданне. Вялікая колькасць дронаў і высокадакладная зброя робяць абвал фронту фактычна немагчымым.
Верагодна, Расіі давядзецца далей павольна наступаць, шчодра праліваючы кроў за мізэрныя лапікі зямлі. Але прарваць падрыхтаваныя абарончыя рубяжы расіянам будзе надзвычай цяжка. Нават калі гэта ўдасца, дроны ўшчэнт разнясуць любыя буйныя сілы пяхоты і тэхнікі, сцягнутыя для развіцця прарыву.
Праблемы з папаўненнем
Калі Расія і далей будзе несці такія страты, папаўненне армій стане для яе яшчэ больш сур’ёзнай праблемай, чым для Украіны. Пакуль Крэмль здольны шчодрымі выплатамі завабліваць на вайну дзесяткі тысяч салдат. Аднак цяжкія страты летам 2025 года знішчылі колькасную перавагу войскаў РФ ва Украіне.
Так, паводле даных часопіса, на вайне ўжо знішчана 0,5–1,2% ад даваеннай колькасці мужчын з Расіі ва ўзросце да 60 гадоў. Таксама расіяне страцілі дзесяткі тысяч танкаў, тысячы сістэм РСЗА, сотні самалётаў і верталётаў. Бальшыню з гэтага хутка кампенсаваць не ўдасца.