Сотні расіян у Латвіі чакае сур'ёзная праверка
- 18.10.2025, 16:09
У адпаведнасці з новымі патрабаваннямі Закона аб іміграцыі.
У верасні ўлады Латвіі апавясцілі 841 грамадзяніна Расіі пра неабходнасць пакінуць краіну, паколькі яны не падалі дакументы на падаўжэнне віду на жыхарства ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі Закона аб іміграцыі.
Як паведамілі The Insider ва Упраўленні па справах грамадзянства і міграцыі Латвіі (OCMA), 341 чалавек з ліку апавешчаных ужо падалі заявы на атрыманне ВНЖ.
Астатнім 500 расіянам усё яшчэ пагражае выдварэнне: улады будуць правяраць іх цягам некалькіх месяцаў. Пасля праверкі інфармацыю перададуць у памежную службу. Калі высветліцца, што яны самастойна не пакінулі краіну, ім будзе прызначаная канкрэтная дата выезду.
Папраўкі
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ўлады Латвіі ўжорстчылі міграцыйнае заканадаўства, патлумачыўшы гэта мерамі нацыянальнай бяспекі. 1 верасня 2025 года ўступілі ў сілу папраўкі да Закона аб іміграцыі. Цяпер тым, хто раней адмовіўся ад грамадзянства Латвіі на карысць расійскага, трэба пацвердзіць даход, здаць экзамен па латышскай мове на ўзровень A2 і прайсці поўную праверку бяспекі. Ад здачы экзамену вызваляюцца дзеці, пажылыя людзі ад 75 гадоў або людзі з праблемамі са здароўем.
Як расказаў юрыст з Латвіі Аляксей Ялісееў, некаторым людзям улады краіны ішлі насустрач.
«Сярод маіх кліентак была адна бабуля, якой не хапала месяца да 75 гадоў. Ёй проста падоўжылі тэрмін разгляду: ніхто не стаў упірацца ў фармальнасці і карыстацца тым, што патрэбны ўзрост яшчэ не наступіў».
Ялісееў адзначае, што ў сваёй практыцы не сутыкаўся з сітуацыяй, калі ў грамадзяніна Расіі няма ніякай магчымасці падаўжыць ВНЖ.