BE RU EN

Папулярная супермадэль перанесла аперацыю з-за эндаметрыёзу

  • 18.10.2025, 10:33

Яна гадамі цярпела боль і думала, што «гэта норма».

Супермадэль з Венгрыі Барбара Палвін, якая з 2019 па 2021 гады была «анёлам» кампаніі Victoria’s Secret, распавяла пра сваё самаадчуванне пасля аперацыі з-за эндаметрыёзу. Хірургічнае ўмяшанне яна перанесла ў чэрвені 2025-га, паведамляе The Independent.

Па словах Палвін, пасля аперацыі жыццё падзялілася на «да і пасля».

— Гэта як дзень і ноч. Розніца проста неверагодная. Хоць, вядома, гэта захворванне дагэтуль вельмі мала вывучанае, — падзялілася перажываннямі 32-гадовая мадэль.

Палвін растлумачыла, што аперацыя не азначае поўнага вылячэння ад эндаметрыёзу, але дапамагла справіцца з сімптомамі дзякуючы выдаленню агменяў захворвання і рубцовай тканіны, што разраслася па-за межамі маткі.

Эндаметрыёз — захворванне, пры якім эндаметрый (асаблівы пласт тканіны ўнутры маткі) трапляе за межы органа, прыжываецца там і пачынае расці. Гэты асаблівы пласт тканіны патрэбны для развіцця цяжарнасці: да яго прымацоўваецца аплодненая яйкаклетка, каб расці. А калі цяжарнасць не надыходзіць, то эндаметрый, які вырас за менструальны цыкл, адторгаецца арганізмам і выходзіць вонкі разам з крывёю.

Найчасцей эндаметрый апынаецца ў органах таза: напрыклад, у яечніках, маткавых трубах або кішачніку — і працягвае там менструяваць кожны месяц пры змене гарманальнага фону. У некаторых выпадках захворванне перашкаджае развіццю цяжарнасці і выклікае моцны боль. Тады, калі праблема дыягнаставаная, жанчыне могуць прапанаваць аперацыю.

Паводле статыстыкі, на эндаметрыёз хварэе кожная дзясятая жанчына рэпрадуктыўнага ўзросту.

Мадэль таксама падзякавала свайму мужу, актору Дылану Спраўсу, з якім яна ў шлюбе з 2023 года, за падтрымку ў перыяд аднаўлення.

— Дылан неверагодна мяне падтрымліваў і дапамагаў мне прайсці праз увесь працэс аднаўлення, — адзначыла яна.

Хвароба, пра якую можна ніколі не даведацца. Расказваем, што такое эндаметрыёз і чым ён небяспечны

Упершыню пра свой дыягназ Палвін распавяла ў Instagram яшчэ ў жніўні 2025 года. Тады ж яна апублікавала фатаграфіі з бальніцы.

— Некалькі гадоў я сутыкалася з цяжкасцямі, звязанымі з менструацыяй. Стомленасць, моцны боль, багатыя і нерэгулярныя выдзяленні, бяссонныя ночы на падлозе ў ваннай. Я думала, што для мяне гэта норма, — прызнавалася мадэль. — Але нядаўна мне параілі звярнуцца да спецыяліста па эндаметрыёзе.

Па словах Палвін, яна рэгулярна праходзіла агляды ў гінеколага і лічыла, што калі б у яе быў эндаметрыёз, то яна ўжо пра гэта ведала б. Аднак высветлілася, што захворванне немагчыма дыягнаставаць пры звычайных абследаваннях.

— Я пайшла на кансультацыю, і праз тры месяцы мне зрабілі аперацыю. З таго часу я нарэшце адчула, якой можа быць менструацыя без гэтага болю, і цяпер ведаю розніцу. Калі вы падазраяце, што ў вас можа быць эндаметрыёз, я заклікаю вас схадзіць і высветліць гэта. Гэта мне вельмі дапамагло, і я ўдзячная, што наважылася, — адзначыла мадэль.

Палвін таксама падкрэсліла важнасць ранняй дыягностыкі і лячэння для прадухілення доўгатэрміновых ускладненняў. Пасля аперацыі яна ўзяла тры месяцы на аднаўленне, перш чым вярнуцца да працы. Ужо 15 кастрычніка мадэль выйшла на подыум шоу Victoria’s Secret у Нью-Ёрку.

Апошнія навіны