Былы кіраўнік ЦРУ назваў фактары, якія могуць паўплываць на поспех Украіны ў вайне
- 18.10.2025, 9:56
Паводле яго слоў, для расійскага грамадства становіцца ўсё больш відавочна, што вайна дасягае тэрыторыі самой Расіі.
Украіна можа перамагчы ў вайне з Расіяй, калі будзе і надалей наносіць маштабныя страты расійскай арміі на полі бою і працягне атакаваць аб’екты расійскага ваенна-прамысловага комплексу. Такое меркаванне выказаў былы кіраўнік Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення (ЦРУ) Роберт Данненберг.
«За апошнія некалькі месяцаў здольнасць Украіны наносіць удары па энергетычных аб’ектах на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі істотна ўзрасла. З самага пачатку гэтай вайны Пуцін спрабаваў схаваць яе ад уласнага насельніцтва, ствараючы ілюзію, што ўсё адбываецца паводле плана ў межах так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі», — заявіў ён у эфіры «Еспресо».
Паводле яго слоў, для расійскага грамадства становіцца ўсё больш відавочна, што вайна дасягае тэрыторыі самой Расіі.
«Ці то праз уварванне ў Курскую вобласць, ці праз удары ў глыбокім тыле, якія ўплываюць нават на магчымасць шараговых расіян купляць паліва, гэтая рэальнасць змяняе ўспрыманне вайны і саму дынаміку канфлікту», — патлумачыў экс-кіраўнік ЦРУ.
Данненберг перакананы, што маштабныя страты і працяг удараў у глыбіню расійскай тэрыторыі павінны прымусіць расійскае насельніцтва ўсвядоміць цану агрэсіі Пуціна. Ён дадаў:
«Лічу, што ёсць два ключавыя фактары поспеху Украіны: першы — працягваць наносіць значныя страты расійскім сілам унутры Украіны; другі — пераносіць барацьбу на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, каб прымусіць расійскае грамадства ўсвядоміць цану агрэсіі Пуціна».