BE RU EN

«Часам нават даводзілася скандаліць»

  • 18.10.2025, 9:07

Як праходзяць рэйды на запраўках, дзе па даручэнні Лукашэнкі забараняюць піць каву.

Аляксандр Лукашэнка даручыў «да панядзелка навесці жалезны парадак» з чэргамі на аўтазапраўчых станцыях. Сілавікі накіраваліся патруляваць АЗС і манітораваць сітуацыю. «Гродзенская праўда» распавядае, як праходзіў адзін з рэйдаў на Гродзеншчыне.

— Створаны рэйдавыя групы для маніторынгу аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і забеспячэння бяспекі дарожнага руху. З кіраўніцтвам аўтазапраўчых станцый праводзіцца прафілактычная гутарка аб неабходнасці выканання мер бяспекі для наведвальнікаў, а таксама размежавання дзейнасці па рэалізацыі паліва і продажы спадарожных тавараў і харчовых прадуктаў, — расказаў начальнік упраўлення ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Генадзь Беляўскі.

Як адзначае выданне, гаворкі не ідзе пра штрафы за кубак кавы — інспектары «праводзяць прафілактычныя гутаркі, нагадваючы вадзіцелям пра культуру паводзінаў і ўзаемапавагу».

На першай праверанай АЗС абстаноўка аказалася спакойнай. Большасць вадзіцеляў запраўлялі аўтамабілі і адразу ад'язджалі. Тыя, хто хацеў перакусіць, пакідалі машыны на паркоўцы, не перашкаджаючы іншым. Жанчына, якую сустрэлі з кавай, хот-догам і шакаладным батончыкам у руках, расказала:

— Вядома, сутыкалася з непрыемнымі сітуацыямі. Часам нават даводзілася скандаліць, прасіць мужчыну ад'ехаць, а ўжо потым есці або піць.

Аднак знайшоўся і вадзіцель, які пакінуў машыну каля калонкі і пайшоў па каву. Чаргі за ім не было, але інспектары ўсё ж правялі прафілактычную гутарку. Дарэчы, у мужчыны не было тэхагляду, хоць прадпісанне прайсці яго ён ужо атрымліваў.

— Сачу, каб у гэты момант за мной не было чаргі, заўсёды пакідаю каву і ад'яжджаю, — так патлумачыў вадзіцель.

На большасці заправак чарг з-за «аматараў кавы» не ўзнікала. Але трапляліся і такія вадзіцелі, якія пад'язджалі да калонкі АЗС «супраць шэрсці» — то-бок насустрач агульнаму патоку, ствараючы дадатковыя перашкоды і рызыкоўную сітуацыю для іншых аўтамабілістаў, адзначае выданне.

Нагадаем, на нарадзе па эканамічных прагнозах 16 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што беларусы п'юць каву ў кафэ на запраўках, заняўшы месцы сваімі аўтамабілямі, і ў выніку «ніхто праехаць не можа». Ён перадаў праз дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вольфовіча распараджэнне кіраўніку МУС разабрацца ў гэтым пытанні: «Даручыце Кубракову, каб ён там да панядзелка навёў жалезны парадак».

Пасля гэтага па ўсёй краіне ДАІ абвясціла рэйды для «маніторынгу аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і забеспячэння бяспекі дарожнага руху».

А праз некалькі гадзін пасля заявы Лукашэнкі міліцыя выклікала «на кілім» прадстаўнікоў заправачных станцый Мінскай вобласці.

Апошнія навіны