Зяленскі расказаў, пра што два гадзіны гаварыў з Трампам
- 18.10.2025, 8:23
Прэзідэнт Украіны папрасіў не распытваць яго пра «Тамагавкі».
Падчас закрытай для прэсы сустрэчы ў Белым доме прэзідэнты Украіны і ЗША гаварылі пра пастаўкі зброі, у прыватнасці далёкабойнай. Пра гэта Уладзімір Зяленскі паведаміў на брыфінгу у Вашынгтоне.
«Мы размаўлялі пра СПА, гэта вельмі важна для нас. Пакуль мы цяпер размаўляем, для удараў па Украіне задзейнічана нямала дронаў. Мы будзем працягваць размову, у прыватнасці пра вытворчасць [зброі]. Пытанне пра ўсе гэтыя графікі, часавыя аспекты — усё гэта складаныя пытанні. Таму наша каманда будзе імкнуцца разглядаць заказы на розныя сістэмы ад розных краін. Але пазітыўны сігнал у тым, што мы будзем працаваць», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Паводле слоў Зяленскага, частка размовы з Трампам была прысвечана і «далёкабойным сістэмам» (відаць, намёк на крылатыя ракеты «Тамагавк»). Аднак раскрываць падрабязнасці ён адмовіўся.
«Мы вырашылі, што не будзем [публічна] гаварыць пра гэта цяпер. І Злучаныя Штаты не хацелі б эскалацыі, таму магчымыя пытанні на гэтую тэму застануцца без адказу», — сказаў Зяленскі журналістам.
Аднак журналісты ўсё ж паспрабавалі задаць пытанне пра «Тамагавкі». Адна з журналістак спытала ў Зяленскага, ці стаў ён больш або менш аптымістычным адносна паставак ракет «Тамагавк» пасля сустрэчы з Трампам. «Я рэаліст», — з усмешкай каротка адказаў украінскі лідар.
«Амерыканскі бок сказаў, што разумее, што яны нам патрэбныя. Ніхто не закрыў гэтую тэму. Мы павінны працаваць над гэтым больш», — адказаў Зяленскі на пытанне пра «Тамагавкі» ад іншага журналіста.
Таксама прэзідэнты абмеркавалі анансаваную сустрэчу Трампа з Пуціным у Будапешце.
«Прэзідэнт [Трамп] падзяліўся са мной сваім дыялогам з расійскім бокам. Таму мы разумеем усе сігналы з боку Расіі. Яны не з'яўляюцца новымі. Разлічваем на ціск прэзідэнта Трампа дзеля заканчэння гэтай вайны», — сказаў украінскі лідар.