СМІ: Украінская дэлегацыя паказала Трампу карты з галоўнымі «балявымі кропкамі» расійскага абаронна-прамысловага комплексу
- 17.10.2025, 23:36
На картах падрабязна адлюстраваныя ключавыя аб’екты і слабыя месцы ваенна-эканамічнай інфраструктуры РФ.
Украінская дэлегацыя на сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам прынесла карты з «балявымі кропкамі» расійскага абаронна-прамысловага комплексу, паведамляе «Суспільне» са спасылкай на крыніцу.
Разам з Уладзімірам Зяленскім у Белы дом прыехалі таксама кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ермак, сакратар СНБА Рустэм Умераў, кіраўніца Міністэрства энергетыкі Святлана Грынчук і пасол Украіны ў ЗША Вольга Сцяфанішына.
Паводле крыніцы, на картах падрабязна адлюстраваныя ключавыя аб’екты і слабыя месцы расійскай ваенна-эканамічнай інфраструктуры.
«На картах — балявыя кропкі расійскай абаронкі і ваеннай эканомікі, на якія можна націснуць, каб прымусіць Пуціна спыніць вайну», — паведаміла крыніца.
17 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў у Белы дом у ЗША для сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам.
Падчас брыфінгу для прэсы Трамп пацвердзіў, што плануе абмяркоўваць з украінскім калегам магчымасць перадачы Кіеву ракет Tomahawk, аднак падкрэсліў, што хацеў бы, каб яны не спатрэбіліся для завяршэння вайны.