Зяленскі прапанаваў ЗША дроны ў абмен на ракеты «Тамагавк»
- 17.10.2025, 21:12
Трамп выказаў зацікаўленасць ва ўкраінскіх БПЛА.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў ЗША БПЛА ў абмен на ракеты «Тамагавк». Пра гэта ён заявіў на адкрытай сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
«У нас ёсць дроны, але няма «Тамагавкаў». Мы можам дапамагчы ўзмацніць ваенную вытворчасць БПЛА ЗША», — заявіў Зяленскі.
Паводле яго слоў, у Украіны для ЗША ёсць «дронавая прапанова».
Амерыканскі бок, у сваю чаргу, зацікаўлены ва ўкраінскіх дронах. З такой заявай выступіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
«Так, мы зацікаўлены. У нас цяпер шмат дронаў, мы іх вырабілі самі, але мы таксама і набываем дроны ў іншых [краін]. Яны [украінцы] вырабляюць вельмі добрыя дроны», — сказаў Трамп, адказваючы на адпаведнае пытанне журналістаў.