BE RU EN

Нарышкін абвінаваціў спецслужбы Захаду ў спробе пазбавіць Расію ўплыву на краіны СНД

  • 17.10.2025, 20:21

Кіраўнік Службы знешняй выведкі РФ заявіў, што мэта спецслужбаў Захаду — «стрымаць развіццё» СНД.

Захад актывізаваў намаганні па дэстабілізацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, заявіў дырэктар Службы знешняй выведкі Расіі Сяргей Нарышкін. «Апошнім часам мы назіраем тэндэнцыю спробаў шэрагу заходніх краін, перш за ўсё еўрапейскіх, справакаваць дэзінтэграцыйныя працэсы ў межах СНД», — сказаў ён ТАСС. Паводле слоў Нарышкіна, для рэалізацыі гэтых планаў выкарыстоўваюцца «інструменты маштабнай эканамічнай агрэсіі» і «дэзінфармацыйныя кампаніі». Акрамя таго, вядзецца актыўная дэструктыўная дзейнасць у кіберпрасторы. Кіраўнік Службы знешняй выведкі падкрэсліў, што мэта «рэжымаў і спецслужбаў Захаду» — «стрымаць развіццё» СНД «як самастойнага, незалежнага цэнтра сілы».

10 кастрычніка дыктатар РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што былым рэспублікам СССР, якія цяпер уваходзяць у СНД, важна «не раз’ехацца далёка адна ад адной» і падтрымліваць адчуванне таго, што іх «шмат што аб’ядноўвае» з Расіяй. Паводле яго слоў, у Садружнасці ёсць «канкурэнтныя перавагі» ў выглядзе агульнай лагістыкі, «кааперацыі ў прамысловасці» і «адзінага культурнага кода», якія «нельга страціць». «Незалежна ад таго, наколькі вялікімі былі адрозненні ў культуры самых розных народаў былога Савецкага Саюза, але пэўны адзіны маральна-этычны кодэкс савецкага чалавека ўсё ж такі існаваў… І захаванне ўсяго таго, што дасталася ад Савецкага Саюза, — гэтую задачу СНД і прызвана вырашаць», — падкрэсліў Пуцін.

У сувязі з гэтым ён назваў прынцыпова важнымі пытаннямі падтрымку рускай мовы як «мовы міжнацыянальных зносін», а таксама захаванне памяці пра агульную гісторыю, асабліва пра перамогу над нацызмам. «Гэта ж наша агульная спадчына і гонар усіх нашых народаў… Але нам заўсёды трэба шукаць, і пастаянна, рэчы, якія будуць аб’ядноўваць нас і ў будучыні», — заключыў Пуцін. У СНД уваходзяць дзевяць дзяржаў. Акрамя Расіі, гэта Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Малдова, Таджыкістан і Узбекістан.

Тым часам у чэрвені міністр асветы РФ Сяргей Краўцоў абвінаваціў краіны СНД у скажэнні савецкага мінулага ў падручніках гісторыі. Ён падкрэсліваў, што апісанне перыяду знаходжання рэспублік у складзе СССР «у цэлым мае негатыўны характар у дачыненні да Расіі». Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў наўпрост называў уключэнне краіны ў Савецкі Саюз «акупацыяй».

Апошнія навіны