Раналду ўзначаліў рэйтынг самых высокааплатных футбалістаў
- 17.10.2025, 19:04
Абагнаў Месі.
Партугальскі нападнік Крыштыяну Раналду вярнуў сабе статус самага высокааплатнага футбаліста свету, узначаліўшы штогадовы рэйтынг часопіса Forbes.
Паводле выдання, агульны даход зоркі саудаўскага «Аль-Насра» за год склаў 280 мільёнаў долараў, з якіх каля 50 мільёнаў прынеслі рэкламныя кантракты.
Другую пазіцыю ў спісе заняў аргенцінец Ліянэль Месі з «Інтэр Маямі» з заробкам 130 мільёнаў долараў, з якіх каля 70 мільёнаў — рэкламныя кантракты з брэндамі. Такі значны разрыў у даходах паміж першым і другім месцамі рэйтынгу стаў максімальным за ўсю гісторыю складання падобных рэйтынгаў.
Замыкае тройку лідараў француз Карым Бензема, які прадстаўляе іншы саудаўскі клуб «Аль-Іттыхад», даходы якога дасягнулі 104 мільёны долараў.
У рэйтынг таксама ўвайшлі прадстаўнікі еўрапейскіх клубаў: Кіліян Мбапэ (98 млн), Эрлінг Галанд (60 млн), Вінісіус Жуніёр (45 млн), Махамед Салах (42 млн), Джуд Белінгем (38 млн) і юны іспанскі талент Ламін Ямаль (18 млн), які стаў самым маладым гульцом у гісторыі рэйтынгу Forbes.