Лідар АГП Мікалай Казлоў выехаў з Беларусі
- 17.10.2025, 18:31
Экс-палітвязень выйшаў на волю больш за год таму.
Пра тое, што старшыня ліквідаванай у Беларусі АГП і былы палітвязень Мікалай Казлоў пакінуў тэрыторыю Беларусі, паведамілі ягоныя паплечнікі па партыі. Неўзабаве ён мае намер даць прэс-канферэнцыю.
Мікалай Казлоў выйшаў на волю больш за год таму, у ліпені 2024 года.
Упершыню яго асудзілі ў жніўні 2021 года на тры месяцы арышту. Палітыка прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса за разгалошванне звестак па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады, але канкрэтныя эпізоды абвінавачання невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Быў вызвалены 26 сакавіка 2022 года па заканчэнні тэрміну.
27 ліпеня 2022 года Казлова зноў затрымалі. Яму далі два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін за кратамі ён адбыў поўнасцю.
Да таго, як прыйсці ў палітыку, цяпер 58‑гадовы Мікалай Казлоў на працягу 17 гадоў працаваў старшым аператыўным упаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Мінска. Даслужыўся да звання падпалкоўніка міліцыі, якога ў 2021 годзе Лукашэнка пазбавіў сваім указам.