Палітвязню Аляксандру Казлянку дадалі 1,5 года пазбаўлення волі
- 17.10.2025, 17:30
Нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі ПК-1.
Палітвязню-анархісту Аляксандру Казлянку дадалі 1,5 года пазбаўлення волі да яго 6-гадовага тэрміну, паведаміў тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».
«Нядаўна Сашу асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі ПК-1. Рашэнне суда — яшчэ 1,5 года калоніі да яго 6-гадовага тэрміну па справе пра “міжнародную злачынную арганізацыю” анархістаў», — паведамілі ў пабліку анархісцкага руху.
Аляксандр Казлянка — брэсцкі актывіст, сябра «Свабоднага прафсаюза». Палітвязня затрымалі 2 сакавіка 2021 года і судзілі па арт. 342 КК («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 285 КК («Стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй»). Яго прысудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», абвінавачанне па арт. 342 было заснавана на эпізодзе з блакіраваннем дарог у Брэсце яшчэ ў 2018 годзе: тады анархісты перакрылі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй.
Палітвязень у лістах расказваў пра збіцці і катаванні пасля затрымання.