BE RU EN

«А польскую мову вы, выпадкова, не вучыце?»

  • 17.10.2025, 11:49

У школах Гродна выяўляюць тых, хто плануе вучыцца за мяжой.

Беларускія школьнікі, якія збіраюцца паступаць у польскія ўніверсітэты, стараюцца не распавядаць пра гэта ў школах. Бацькі прызнаюцца: так спакайней — менш лішніх пытанняў. Але настаўнікі ўсё актыўней цікавяцца планамі выпускнікоў. І стараюцца пераканаць абраць беларускія ўніверсітэты.

Hrodna.life пагутарыў з двума сем'ямі: адна рыхтуецца да паступлення, другая — ужо адправіла дзіця вучыцца ў Польшчу. Журналісты даведаліся, чаму бацькі аддаюць перавагу не гаварыць пра планы ў школах і дзе сёння ў Гродне можна падрыхтавацца да іспыту па польскай мове на ўзровень B1.

«Кажам, што ідзём у БДУІР — каб адчапіліся»

Наталля (імя зменена) — маці адзінаццацікласніка з гродзенскай гімназіі. Сям'я даўно плануе пераезд у Польшчу, але хоча зрабіць гэта спакойна: аформіць дакументы, вывучыць мову і знайсці жыллё. Сын Наталлі збіраецца паступаць у польскі ўніверсітэт. Але ў школе пра гэта ніхто не ведае.

— Класны кіраўнік пытаецца ў дзяцей, куды яны збіраюцца паступаць. Сын вучыцца ў фізіка-матэматычным класе, і большасць адказвае: «У БДУІР, на электроніку». Проста каб адчапіліся — пра паступленне за мяжу там ніхто не адважваецца казаць, — распавядае Наталля.

Шукаюць тых, хто вывучае польскую мову

Раней у гімназіі падобныя апытанні праводзілі ў межах прафарыентацыі — каб зразумець, дзе дзіця працягне навучанне пасля дзевятага класа. Але цяпер у школе імкнуцца даведацца і іншае: хто збіраецца з'ехаць вучыцца ў Польшчу.

— Могуць так між іншым спытаць: «А польскую мову вы, выпадкова, не вучыце?»

Разам з такімі апытаннямі ў школах узмацнілася і ідэалагічная праца.

— Нядаўна да 10–11-х класаў прыходзілі прадстаўнікі МУС. Правялі інфармацыйны ўрок пра 2020 год і «варожыя дзяржавы».

Жанчына ўпэўнена: падобныя ўрокі праводзяць спецыяльна, каб у старшакласнікаў не ўзнікала жадання з'язджаць за мяжу.

«Пра паступленне распавялі толькі на вакзале»

Вера (імя зменена) — маці выпускніцы, якая ў гэтым годзе паступіла ў польскі ўніверсітэт. Увесь год яе дачка займалася польскай мовай з рэпетытарам. У школе пра гэта не ведалі.

— Нас пачалі пытаць яшчэ на першым бацькоўскім сходзе ў верасні, куды будуць паступаць дзеці. Мы нікому не расказвалі і стараліся пазбягаць гэтых размоў. Але завуч быў вельмі настойлівы — усё хацеў даведацца пра планы. Нават казаў, што, калі трэба, можна «выбіць» дзесьці мэтавае або напісаць характарыстыку ад школы. Яму было важна, каб як мага больш дзяцей паступілі ў беларускія ўніверсітэты.

Калі ў Беларусі пачалася ўступная кампанія, класная кіраўніца зноў спытала, куды будзе паступаць дачка Веры.

— Мы адказвалі, што яшчэ думаем. Калі кампанія скончылася, у тым ліку і на пазабюджэтныя месцы, сказалі, што не паступілі і будзем спрабаваць у наступным годзе.

Паводле слоў Веры, да апошняга яны не гаварылі пра паступленне ў Польшчу — баяліся, што ў дачкі могуць быць праблемы на мяжы або з класнай кіраўніцай у школе.

— Баяліся асуджэнняў і абвінавачванняў. Дачка распавяла аднакласнікам толькі тады, калі ўжо была на вакзале. Потым напісала і класнай кіраўніцы. Яна, дарэчы, парадавалася за яе.

Апошнія навіны