BE RU EN

Орбан распавёў пра падрыхтоўку сустрэчы Трампа і Пуціна ў Будапешце

  • 17.10.2025, 10:50

Сфармаваны аргкамітэт па падрыхтоўцы саміту.

Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан у чацвер увечары даў распараджэнне стварыць аргкамітэт па падрыхтоўцы саміту Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна ў Будапешце, праца ўжо пачалася. Пра гэта прэм’ер Венгрыі распавёў у інтэрв’ю ў эфіры мясцовай радыёстанцыі, піша magyarnemzet.hu.

Орбан распавёў, што ўвечары ў чацвер гаварыў па тэлефоне з Трампам, а сёння намерваецца пагаварыць з Пуціным.

Ён таксама заявіў, што «ёсць шмат мясцін па-за межамі Еўропы, дзе можна было б правесці такую сустрэчу, але, акрамя Будапешта, у Еўропе няма іншага такога месца». Пры гэтым ён назваў Венгрыю «адзінай міралюбівай краінай, якая апошнія тры гады адкрыта, гучна і актыўна выступае за мір».

Ён распавёў, што сустрэча Пуціна і Трампа можа адбыцца праз тыдзень пасля сустрэчы кіраўнікоў МЗС Расіі і ЗША, якая запланаваная на наступны тыдзень.

«Учора прэзідэнт (Дональд Трамп) сказаў, каб мы рыхтаваліся, на парадку дня — сустрэча двух міністраў замежных спраў... Яны (з Пуціным) вырашылі, што два міністры замежных спраў паспрабуюць вырашыць астатнія пытанні на працягу тыдня, а потым, праз тыдзень, яны ўжо змогуць прыехаць сюды, у Будапешт», — сказаў ён.

Апошнія навіны