У Польшчы праходзяць вучэнні «Храбры тыгр» з улікам досведу вайны ва Украіне
- 17.10.2025, 10:42
Падрабязнасці.
На польскім палігоне ў Дравску праходзяць ваенныя вучэнні «Храбры тыгр», мэта якіх, між іншым, — азнаёміцца з працай палявога шпіталя.
Пра гэта піша RMF24.
Тысяча салдат і дзясяткі медыкаў праходзяць вучэнні «Храбры тыгр» на палігоне ў Дравску. Салдаты, між іншым, адпрацоўваюць эвакуацыю параненых з лініі фронту, а лекары — як вайсковыя, так і грамадзянскія — знаёмяцца з працай палявога шпіталя.
Мэтай вучэнняў, арганізаваных 12-й механізаванай брыгадай, з'яўляецца азнаямленне грамадзянскіх лекараў з асаблівасцямі ваеннай медыцыны і рэальнымі медыцынскімі працэдурамі ў баявых умовах.
«Мы падрыхтавалі шэраг сімулятараў. Гэта тыповыя для баявых умоў раненні, то бок разрывы і агнястрэльныя раненні ад артылерыйскіх снарадаў», — падзяліўся брыгадны генерал Дарыюш Чэкай, камандзір 12-й механізаванай брыгады.
Паводле яго слоў, гэтыя вучэнні абапіраюцца на досвед Украіны, вайскоўцы спрабуюць узнавіць падобныя сітуацыі, якія найчасцей узнікаюць у сучасных войнах.
Лекары, якія прыбылі на вучэнні, некалькі дзён таму прынялі вайсковую прысягу і афіцыйна сталі рэзервістамі.