BE RU EN

У ЗША раскрылі змест савецкага дас'е аб забойстве Кенэдзі

  • 16.10.2025, 20:48

Дас'е ахоплівае перыяд з 1959 па 1964 год.

ЗША атрымалі ад Расіі архіўныя дакументы, звязаныя з забойствам прэзідэнта Джона Кенэдзі у 1963 годзе і з прабываннем у СССР меркаванага забойцы — Лі Харві Освальда. Пра публікацыю файла паведаміла ў X сенатар Ганна Пауліна Луна. Яго можна паглядзець на сайце JFK Facts.

У PDF-дакуменце на рускай мове 386 старонак, тэкст-агляд утрымлівае наступныя раздзелы:

аб адносінах ЗША і СССР падчас перадвыбарнай кампаніі Кенэдзі (13 чэрвеня — 25 кастрычніка 1963 года);

аб удзеле прадстаўнікоў Саюза ў пахаваннях прэзідэнта і ўзаемадзеянні двух краін у межах расследавання (22 лістапада 1963 — 28 верасня 1964);

аб прадастаўленні матэрыялаў для Прэзідэнцкай бібліятэкі Кенэдзі (26 лютага — 28 жніўня 1964);

аб прабыванні Освальда ў СССР (13 кастрычніка 1959 — 28 мая 1962).

Апошні раздзел, у прыватнасці, змяшчае звесткі пра просьбу Освальда, які прыехаў у Саюз, надаць яму грамадзянства СССР. Паколькі ў яго заканчвалася віза, а пытанне не было вырашана, ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам і пасля праходзіў лячэнне ў Боткінскай бальніцы ў Маскве. Пасля было прынята рашэнне даць яму права часова пражываць у Савецкім Саюзе і на гэты перыяд «абавязаць Беларускі савнаргас уладкаваць Освальда па спецыяльнасці электратэхнік» (ён атрымаў працу на Мінскім радыёзаводзе), Мінскаму гарадскому Савету дэпутатаў — выдзеліць яму кватэру (яго прапісалі па вул. Камуністычнай, д. 4, кв. 24), а выканкаму Саюза таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР выдзеліць на яе абсталяванне 5 тыс. руб. і выдаваць на працягу года дапамогу — 700 руб. у месяц. Працоўным Мінскага радыёзавода Освальд значыўся з 13 студзеня 1960 па 18 мая 1962 года. У Мінску ён паспеў ажаніцца з Марынай Прусакавай. Прыйманне яго ў грамадзянства прызналі немэтазгодным.

У файле можна ўбачыць наступныя дакументы:

анкета Освальда для атрымання візы ў СССР (1959);

хадайніцтва Освальда аб атрыманні савецкага грамадзянства (1959);

запіску намесніка старшыні КДБ пры Савеце Міністраў СССР Перапяліцына сакратару Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Георгадзэ аб немэтазгоднасці прыняцця Освальда ў савецкае грамадзянства (1959);

пастанову Прэзідыума ЦК КПСС па пытанні аб прыняцці Освальда ў грамадзянства (1959);

від на жыхарства (1962);

шыфртэлеграму ў МЗС СССР аб яго затрыманні ў ЗША пасля забойства Кенэдзі;

шыфртэлеграму рэзідэнта КДБ у Вашынгтоне

з тэкстам апошняга ліста Освальда ў савецкае пасольства, і інш.

Забойства Кенэдзі адбылося ў Даласе. Ён ехаў у аўтамабілі з адкрытым верхам, калі прагучалі стрэлы. Адна вінтовачная куля прайшла праз шыю прэзідэнта, другая раздрабніла чэрап.

Праз паўтары гадзіны пасля страляніны паліцыянты затрымалі Освальда, яму прад’явілі абвінавачанне ў забойстве прэзідэнта, якое ён адхіліў. Праз два дні пасля замаху Освальд быў застрэлены ў холе паліцэйскага ўпраўлення ўладальнікам начнога клуба Джэкам Рубі. Праз тры гады той памёр у турме ад раку.

Апошнія навіны