Латвія прадухіліла кантрабанду 3,6 мільёна цыгарэт у двух партыях цыбулі, у тым ліку беларускіх
- 16.10.2025, 16:56
Яны былі схаваныя ў тайніках грузавых аўтамабіляў.
Супрацоўнікі мытнага ўпраўлення Службы дзяржаўных даходаў (СГД) Латвіі прадухілілі кантрабанду 3.635.120 цыгарэт (181.756 пачак), якія былі схаваныя ў тайніках у грузавых аўтамабілях, што перавозілі цыбулю, паведаміла СГД.
1 кастрычніка пры паглыбленым аглядзе на мытным пункце Тэрэхава (мяжа з Расіяй) грузавіка з літоўскімі нумарамі, які вёз свежую цыбулю, мытнікі выявілі, што ў ніжняй частцы скрыняў з цыбуляй ёсць падвойнае аддзяленне, у якім былі схаваныя цыгарэты.
Па выніках поўнага агляду грузавога транспартнага сродку было канфіскавана 1.826.920 цыгарэт (91.346 пачак). Больш за палову з іх складалі цыгарэты Oris розных марак без акцызных марак, астатнія — цыгарэты Cavallo з акцызнымі маркамі Расійскай Федэрацыі, Korona, Queen і Dove з акцызнымі маркамі Беларусі і цыгарэты Zumerret без акцызных марак.
4 кастрычніка аналагічны выпадак адбыўся на мытным пункце Грэбнева, таксама на мяжы Латвіі з Расіяй. На гэты раз разам з цыбуляй перавозілі 1.808.200 цыгарэт (90.410 пачак) марак Oris, NZ, Queen, Dove і Minsk.
У абодвух выпадках Дэпартаментам падатковай і мытнай паліцыі СГД ўзбуджана крымінальная справа па факце ўстаноўленага злачынства па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 190 Крымінальнага закону (кантрабанда ў асабліва буйным памеры).