У польскім Вроцлаве праходзіць Фестываль незалежнай беларускай культуры
- 16.10.2025, 16:27
Ужо ў 13-ы раз.
У польскім Вроцлаве праходзіць XIII Фестываль незалежнай беларускай культуры. Мерапрыемствы пачаліся 14 кастрычніка і працягнуцца да 19 кастрычніка 2025 года.
Традыцыйны фестываль стаў прасторай сустрэч незалежных творчых асобаў з розных сфераў — музыкаў, мастакоў, акцёраў, пісьменнікаў, рэжысёраў і фатографаў. У праграме — канцэрты, спектаклі, літаратурныя прэзентацыі, выставы, а таксама кінапоказы і дыскусіі.
Лозунг сёлетняга фестывалю, як распавялі сайту Charter97.org арганізатары, «Я ёсць!» («Jestem!»)
«Гэта не толькі маніфест прысутнасці, але і заклік да дзеяння, да вяртання ўласнага голасу і творчай свабоды. Гэта пасланне асабліва важнае для беларусаў і беларусак у эміграцыі, для якіх фестываль ужо шмат гадоў з'яўляецца бяспечнай гаванню і месцам, дзе можна прадставіць мастацтва, свабоднае ад цэнзуры», — кажуць арганізатары.
Падчас фестывалю таксама будзе ўручаная Прэмія за падтрымку і развіццё беларускай культуры. Узнагароджанне адбудзецца ў нядзелю, 19 кастрычніка, а 15:00 па адрасе: Centrum na Przedmieściu, вул. Przodzinskiego 39a.
У суботу, 18 кастрычніка, адбудзецца спектакль «Emaho Emaso» — пастаноўка «Тутэйшага тэатра» пад рэжысурай Андрэя Саўчанкі.
Паказ спектакля адбудзецца а 19:00 па адрасе: Akademia Sztuk Teatralnych im. St. Wyspiańskiego, Scena im. Tadeusza Różewicza, Braniborska 59.
Арганізатарам фестывалю выступіў фонд «Za Wolność Waszą i Naszą».
Падрабязней з праграмай фестывалю можна пазнаёміцца па спасылцы.