BE RU EN

Лукашэнка пазбаўляецца ад чыноўнікаў

  • 16.10.2025, 15:58

Кіраўніка Гомельскага райвыканкама раптоўна звольнілі.

Пасля чарговай ператасоўкі чыноўнікаў мясцовай вертыкалі, калі ў некалькіх раёнах Гомельскай вобласці змяніліся кіраўнікі, з калоды выпаў экс-старшыня Гомельскага райвыканкама Дзмітрый Казёл. Прычым гэта адбылося раптоўна, і пра сваё звальненне кіраўнік даведаўся ўжо па факце, як высветліў «Флагшток».

13 кастрычніка па ўзгадненні з Лукашэнкам старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко змяніў кіраўнікоў чатырох райвыканкамаў: Гомельскага, Жыткавіцкага, Нараўлянскага і Лоеўскага. Рашэнні фармальна зацвердзілі на пазачарговых сесіях так званых райсаветаў.

У справаздачах пра гэта лёс некаторых звольненых кіраўнікоў ускосна згадваецца. Напрыклад, былы лоеўскі старшыня Алег Таргонскі «працягне дзяржаўную службу ў Акцябрскім раёне», то-бок пайшоў на паніжэнне.

У Жыткавічах былога кіраўніка раёна Мікалая П’яўко праводзілі ўрачыста і «цёпла павіншавалі з новым этапам у кар’еры» (якім — не ўдакладняецца), уручылі ганаровую грамату.

А вось пра лёс звольненага старшыні Гомельскага райвыканкама Дзмітрыя Казёла наогул нічога не паведамляецца.

Прадстаўляючы новага кіраўніка раёна, экс-гендырэктара «Гомсельмаша» Аляксандра Новікава, Крупко заявіў, што яму «давядзецца шчыльна заняцца рознымі пытаннямі: ад пошуку новых вектараў развіцця да паляпшэння інфраструктуры», а таксама вырашаць задачы, «накіраваныя на стабільную працу прадпрыемстваў і арганізацый раёна».

Цікава, што застаецца вакантнай пасада першага намесніка старшыні Гомельскага райвыканкама — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Ці быў ён звольнены разам з Казёлам, ці гэта адбылося раней, і ці ёсць тут узаемасувязь — журналісты пакуль высвятляюць.

Верагодна, апошні, хто займаў гэтую пасаду, — Аляксей Жэрнасёлаў. Яго звесткі яшчэ не паспелі выдаліць з сайта Agropk.by. Лёс гэтага чыноўніка таксама пакуль застаецца загадкай.

Апошнія навіны