Урок Аляскі
- Віталь Портнікаў
- 16.10.2025, 11:48
З драконом не дамаўляюцца пра мір.
Пуцін працягвае свой шлях па лесвіцы эскалацыі, які толькі ўзмацніўся пасля яго сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам на Алясцы. Пасля масіраваных удараў па Украіне, пасля з'яўлення расійскіх беспілотнікаў і самалётаў у паветранай прасторы краін НАТА, Расія перайшла да спробаў сістэматычнага знішчэння ўкраінскай энергетыкі. Удары па розных гарадах Украіны наносяцца амаль штодзённа; апошні такі — нядаўна ў сталіцы, і яго мэтай сталі цеплавыя электрастанцыі горада. Акрамя таго, былі нанесены ўдары па ўкраінскіх газавых радовішчах, што таксама павінна выклікаць сур'ёзныя праблемы ўзімку. Пуцін не ўпершыню робіць такія спробы «замарозіць» украінцаў — усе добра памятаюць трывожную і цёмную зіму першага года вялікай вайны. Але цяпер гэтыя ўдары сталі значна больш сістэматычнымі, да таго ж яны адбываюцца на тле прапаноў спыніць вайну і пачаць перамовы пра мір. І Пуцін, як відаць, гэтыя прапановы адкрыта ігнаруе. Чаму?
Таму што, па-першае, ён лічыць, што Захад не мае інструментаў, каб сур'ёзна на яго націснуць; а па-другое, успрымае любыя перамовы як шлях да капітуляцыі праціўніка. І таму Пуцін упэўнены: калі яму давядзецца згадзіцца на перамовы, то гэта павінны быць перамовы пра капітуляцыю Украіны і стварэнне ўмоў для яе далейшага знікнення з палітычнай карты свету.
Такім чынам, ён імкнецца зрабіць Украіну тэрыторыяй, непрыдатнай для нармальнага жыцця. Удары па энергетыцы, на думку расійскага прэзідэнта, павінны стварыць у ўкраінцаў устойлівае адчуванне, што ў іх няма іншага выбару, акрамя як здацца Расіі. І хоць у гісторыі яшчэ не было выпадкаў, калі бамбардаванні гарадоў прыводзілі да татальнага жадання капітуляваць, Пуцін гэтага не ўлічвае — нягледзячы на тое, што гісторыя і досвед гэтай вайны сведчаць пра адваротнае.
Але матывацыя атак па энергетыцы можа быць значна шырэйшай, чым проста дэмаралізацыя грамадства. Гэта таксама імкненне знішчыць украінскую эканоміку — каб нават у выпадку заканчэння вайны ў Украіны не было сур'ёзных перспектыў для аднаўлення, зрабіўшы яе наглядным прыкладам таго, што адбываецца з краінамі, якія не падпарадкаваліся волі Масквы. Гэта можа быць і дэмаграфічнай зброяй: стварыць невыносныя ўмовы жыцця, каб новая частка насельніцтва з'ехала. Бо чым менш украінцаў застанецца ва Украіне, тым больш шанцаў у Расіі захаваць сваю ролю геапалітычнага магніта будучыні, нават пры далейшым скарачэнні расійскага насельніцтва. Нагадаю: дэмаграфічныя войны — не навіна для маскоўскай імперскай практыкі; прыклады ёсць і ў імперскія часы, і ў савецкую эпоху. Адзін толькі Галадамор чаго варты! А цяпер Пуцін імкнецца арганізаваць «энергамор».
Размовамі і ўгаворамі гэтаму, вядома, не дапаможаш. Апошнія месяцы — месяцы пастаянных размоў Трампа і Пуціна — гэта пераканаўча даказалі, напэўна, нават самому амерыканскаму прэзідэнту, хоць многія ад самага пачатку папярэджвалі, што ўсе гэтыя перамовы асуджаныя на правал. Але знішчэнню энергетычнай інфраструктуры можна супрацьдзейнічаць іншым шляхам — аслабленнем ваеннага і энергетычнага патэнцыялу самой Расійскай Федэрацыі. Украінскія ўдары па расійскіх ваенных аб'ектах і нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах могуць прымусіць расійскага прэзідэнта, калі не задумацца пра мір, то прынамсі быць больш асцярожным са сваімі ўдарамі. Расія ўжо страціла значную частку перапрацоўчых магутнасцяў, што стварае праблемы для яе эканомікі і робіць вайну больш дарагавартаснай. І гэта — толькі дзякуючы атакам беспілотнікаў на расійскія аб'екты. Калі Украіна атрымае дастатковую колькасць ракет далёкага радыусу дзеяння, Расія можа застацца без значнай часткі свайго эканамічнага патэнцыялу.
І менавіта гэта — правільны падыход. З драконом не дамаўляюцца пра мір. Нават калі немагліва адсекчы яму галаву, прынамсі можна выбіць смярдзючыя зубы.
Віталь Портнікаў, Vilni