BE RU EN

У жыроўках ёсць паслуга, за якую бяруць грошы гадамі, а аказваюць рэдка

  • 16.10.2025, 11:10

Лукашысты папракнулі людзей у тым, што недаплачваюць.

Беларусы «пакрываюць» наўпрост толькі 30% кошту капрамонту шматкватэрных дамоў. Пра гэта заявіў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка. Аднак чыноўнік прамаўчаў пра важную дэталь — распавядае «Зеркало».

За апошнія пяць гадоў нібыта амаль у два разы выраслі тэмпы работ па капітальным рамонце, заявіў Андрэй Рамашка.

— Мы выйшлі на ўзровень больш за 3 млн квадратных метраў у год. Раней мы рабілі 1,6 максімум… Пра што сведчаць гэтыя лічбы? Штогод рамантуецца прыблізна 3% усяго шматкватэрнага жылфонду, што эксплуатуецца ў краіне, — прывёў статыстыку намеснік міністра.

З яго заявы вынікае, што правесці капрамонт усіх шматпавярховак, дзе жывуць людзі, удасца больш чым за 33 гады. Гэта азначае, што пакуль працэс завершаць, працы давядзецца пачынаць па новым крузе. Такі рамонт павінен праводзіцца кожныя 15–25 гадоў.

Акрамя таго, Андрэй Рамашка заявіў, што каля 70% ад кошту ўсяго капітальнага рамонту ў краіне фінансуецца з бюджэту. «Штомесячныя адлічэнні насельніцтва пакрываюць толькі 30% выдаткаў», — падкрэсліў чыноўнік.

Пры гэтым ён прамаўчаў, што бюджэт краіны практычна поўнасцю фарміруецца за кошт падаткаў насельніцтва і бізнесу. Сёлета гэта больш за 85% даходаў казны.

Кошт капітальнага рамонту складае парадку 100 млн рублёў, дадаў прадстаўнік Мінжылкамгаса. Аднак ён не ўдакладніў, ці маюцца на ўвазе выдаткі за год, ці нешта іншае.

Журналісты адзначаюць, што выдаткі на капрамонт могуць адрознівацца, у тым ліку ў залежнасці ад пераліку неабходных работ і падрадчыка. Да таго ж у асобных выпадках уклад насельніцтва наўпрост, а не праз уплату падаткаў у казну, істотна вышэйшы. Так, сёлета было запланавана пачаць капрамонт у доме на вуліцы Будаўнікоў у Віцебску. Першапачаткова планавалася выдаткаваць на гэтыя работы і закуп абсталявання да 2 млн 655 тыс. рублёў. З якіх 700 тыс. рублёў збіраліся ўзяць з гарадскога бюджэту, астатняе — адлічэнні людзей і арандатараў. То-бок людзі наўпрост павінны былі прафінансаваць больш за 74% кошту работ.

У некаторых выпадках сапраўды большая частка сумы ідзе з бюджэту.

Апошнія навіны