NYT: Пентагон распрацаваў план перадачы «Томагавкаў» Украіне
- 15.10.2025, 19:33
Ці дасць Трамп «зялёнае святло» на пастаўку ракет?
Мінабароны ЗША распрацавала план продажу або перадачы Украіне ракет далёкага радыусу дзеяння «Томагавк» на выпадак, калі амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп дасць на гэта «зялёнае святло».
Пра гэта паведамляе The New York Times.
Аўтар артыкула адзначае, што пастаўкі «Томагавкаў» будуць звязаныя з «вялізнымі цяжкасцямі», бо Украіна не мае пускавых установак, неабходных для запуску гэтых ракет.
Каб наносіць удары, Кіеву спатрэбіцца амерыканская пускавая ўстаноўка Typhon, але ваенныя чыноўнікі ЗША лічаць, што гэта наблізіць іх да «прамой канфрантацыі з Расіяй». Верагоднасць эскалацыі пацвярджаюць і апошнія пагрозы Крамля, якія гучалі на фоне шматлікіх навін пра «Томагавкі».
Выданне адзначае, што Трамп лічыў, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін пагодзіцца сесці за стол перамоў ад адной толькі пагрозы прадастаўлення «Томагавкаў» Украіне. Верагодна, гэты крок сведчыць, што прэзідэнт ЗША расчараваўся ў расійскім калезе, які не хоча спыняць вайну.
Ліяна Фікс, экспертка па еўрапейскіх пытаннях у Радзе па міжнародных адносінах, лічыць, што рашэнне аб перадачы «Томагавкаў» будзе залежаць ад таго, ці ўдасца Путіну пераканаць Трампа, што гэты крок «прывядзе да ядзернай вайны».
У той жа час яна мяркуе, што прадастаўленне Кіеву гэтых ракет будзе сведчыць пра «скаардынаваную кампанію ціску з боку Еўропы», накіраваную на ўзмацненне падтрымкі Украіны, што можа прымусіць РФ спыніць вайну.