BE RU EN

Названы просты спосаб палепшыць абмен рэчываў

  • 15.10.2025, 15:08

Дастаткова змяніць свой расклад на паўгадзіны.

Навукоўцы з Універсітэта Турку (Фінляндыя) выявілі, што нават нязначнае скарачэнне часу сядзення можа прыкметна палепшыць здольнасць арганізма перапрацоўваць тлушчы і вугляводы для атрымання энергіі. Вынікі даследавання апублікаваныя у Scandinavian Journal of Medicine & Science in Sports (SJMSS).

Паводле слоў навукоўцаў, такі эфект звязаны з аднаўленнем так званай метабалічнай гібкасці — здольнасці цела пераключацца паміж рознымі крыніцамі энергіі ў залежнасці ад нагрузкі.

У даследаванні ўдзельнічалі 64 чалавекі з падвышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў і дыябету другога тыпу. Першапачаткова ўсе выпрабаваныя вялі сядзячы лад жыцця. На працягу паўгода ўдзельнікі імкнуліся менш сядзець і часцей уставаць — напрыклад, выходзіць на кароткія прагулкі, працаваць стоячы або рабіць лёгкую размінку цягам дня.

Па выніках эксперыменту ў тых, хто скараціў час сядзення хаця б на 30 хвілін у дзень, палепшыліся абменныя паказчыкі. Іх арганізм стаў лепш спальваць тлушч пры лёгкай фізічнай актыўнасці — напрыклад, падчас хадзьбы або пры пад'ёме па лесвіцы. Аўтары падкрэсліваюць, што станоўчы эфект быў асабліва прыкметны ў людзей з залішняй вагой.

Даследаванне паказвае: каб палепшыць метабалічнае здароўе, неабавязкова адразу пераходзіць да інтэнсіўных трэніровак. Нават мінімальнае скарачэнне часу сядзення — просты званок стоячы або кароткая прагулка пасля абеду — можа стаць першымі крокамі ў прафілактыцы дыябету і сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Апошнія навіны