Расія на парозе вайны з Чачнёй
- Юрый Федарэнка
- 15.10.2025, 17:19
Імперыя распаўзаецца.
У Дзярждуме Расіі разгарэўся скандал вакол ініцыятывы перайменавання былых казацкіх станіц у Чачні.
У прыватнасці, станіцу «Шелковскую» прапануецца назваць «Тэрэк», а «Наурскую» — «Неврэ». Адпаведны законапраект Дзярждума падтрымала ў першым чытанні, але на саму ініцыятыву рэзка адрэагаваў дэпутат Уладзімір Шаманаў, які заявіў, што з тэрыторыі Чачні спрабуюць сцерці «гістарычную памяць» пра рускіх.
Цікавая і вельмі важная ў дадзеным кантэксце біяграфічная дэталь: гэты самы Уладзімір Шаманаў у красавіку—ліпені 1996 года камандаваў групоўкай войскаў Мінабароны Расіі падчас першай расійска-чэчэнскай вайны. Паводле дадзеных міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, Шаманаў прычасны да забойства мірных жыхароў у вёсках Алхан-Юрт у 1999 годзе і Катыр-Юрт у 2000 годзе, а таксама да незаконных затрыманняў і катаванняў у 2000 годзе.
Але гэта яшчэ не ўвесь кампрамат. У свой час расійская журналістка Ганна Паліткоўская згадвала генерал-палкоўніку Шаманаву масавыя пазасудовыя расправы ў населеным пункце Новыя Алды пятага лютага 2000 года. З таго часу шмат вады ўцякло: Паліткоўскую застрэлілі ў 2006 годзе ў дзень нараджэння Пуціна, а Шаманаў стаў паважаным дэпутатам Дзярждумы. Шмат гадоў Шаманову ніхто не згадваў яго грахі.
І вось, на фоне скандалу вакол перайменавання невялікіх населеных пунктаў, пра мінулае генерал-палкоўніка нагадаў іншы генерал-палкоўнік — кіраўнік так званай «Чачэнскай Рэспублікі» Рамзан Кадыраў. Чачэнец назваў Шаманава «мерзкім нягоднікам», «гіенай» і заклікаў адправіць яго пад трыбунал за ўчыненыя злачынствы і масавыя забойствы. Ці, як варыянт, — на фронт ва Украіну (тут можна зрабіць выснову, што ўкраінскі фронт для расійскіх генералаў з’яўляецца горшым пакараннем). У адказ расійская «турбапатрыятычная» зграя пачала згадваць самому Кадыраву даўнія грахі (якіх таксама вельмі многа).
Па стане на сёння скандал набірае абароты. Мы не ведаем, калі і як ён завершыцца (цалкам магчыма, што ніколі), але дакладна ведаем, што падобных канфліктаў, якія патэнцыйна здольныя прывесці да ўспышкі нацыянальна-вызваленчай барацьбы прыгнечаных народаў, будзе яшчэ многа. Чым даўжэй працягваецца вайна Расіі супраць Украіны, тым хутчэй «распаўзецца» імперыя. Гэты момант набліжаецца. Дакладней, яго набліжаем мы. Штодзённа, штогадзінна, штомінутна. Слава Украіне!
Юрый Федарэнка, «Фэйсбук»