Польскія спецслужбы адказалі Тэртэлю
- 15.10.2025, 10:23
Варшаве нічога не вядома пра дыялог.
Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль учора, 14 кастрычніка, каментуючы нараду ў Лукашэнкі, сказаў наступнае: «Вядома ж, адносіны з нашымі суседзямі (абмяркоўваліся). Гэта Польшча традыцыйна, гэта Прыбалтыка. Напэўна, не будзе вялікай таямніцай сказаць, што ў нас ёсць каналы зносін з нашымі партнёрамі. Гэты дыялог вядзецца. І ў тым ліку па лініі спецслужбаў. Я б сказаў, што ўзаемаразуменне паміж намі патроху наладжваецца. Мы абмяркоўваем вострыя пытанні і дзесьці выходзім на разуменне ўзаемных інтарэсаў».
Польскі медыя-рэсурс Fakt папрасіў пракаментаваць гэтае выказванне прэс-сакратара міністра-каардынатара ў справах спецыяльных службаў Польшчы Яцэка Дабжыньскага.
«Мне пра гэта нічога не вядома», — лаканічна адказаў ён.
Нагадаем, што ўчора, 14 кастрычніка, Лукашэнка на нарадзе, у якой, акрамя Тэртэля, бралі ўдзел дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч, генпракурор Андрэй Швед, прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын і кіраўнік Адміністрацыі Дзмітрый Круты, заявіў, што афіцыйны Мінск гатовы на вялікую здзелку з ЗША.