«У іх была самая салодкая цана»
- 15.10.2025, 9:11
Як 80 мінчукоў маглі папасціся на вудачку кветкавых махляроў?
У Следчым камітэце заявілі, што махляры, якія нібыта прадавалі кветкі ў інтэрнэце, за гэты год падманулі каля 80 мінчукоў. Усе гэтыя людзі замаўлялі букеты праз Instagram-акаўнт belbuket_by. Сярод тых, хто папаўся на кручок аферыстаў, аказалася і Ірына. Пра тое, як гэта адбылося, яна распавяла «Зеркалу».
Імя суразмоўніцы зменена для яе бяспекі.
Букет Ірына выбірала для блізкага чалавека, хацела зрабіць прыемнасць у дзень нараджэння. Яна вырашыла замовіць кветкі праз інтэрнэт. Да акаўнтаў у Instagram прыглядалася прыкладна паўтара месяца, сярод тых, што спадабаліся, апынуўся belbuket_by. У старонкі 13,5 тысячы падпісчыкаў. Цікава, што з сакавіка 2024-га профіль не абнаўляўся, а «ажыў» толькі ў гэтым верасні. Тут з’явіліся два новыя допісы.
— У іх, скажам так, была самая салодкая цана. У сярэднім, з таго, што я сустракала, 101 ружа каштавала 300–350 рублёў, а ў іх — 250, — распавядае суразмоўніца.
Ірына звярнула ўвагу, што ў профілі не паказаны кантактны нумар тэлефона. Але, кажа, яе падкупіла, што была пазначаная магчымасць самавывазу. Праўда, адрасу, дзе можна было б забраць кветкі, таксама не аказалася. І ўсё ж жанчына напісала. Ёй даволі хутка адказалі. Зносіны з Instagram перайшлі ў Telegram. Першапачаткова «прадаўцы» адказвалі даволі ветліва.
— Яны мне скінулі нумар карткі, і я пералічыла на яе 250 рублёў, — тлумачыць жыхарка Мінска. — Забраць букет самастойна мне было нязручна. Патрабавалася дастаўка, яна каштавала тры рублі. Разлічыцца трэба было праз нібыта спасылку на СДЭК (расійская кур’ерская служба. — Заўв. рэд.), якую яны прыслалі.
Менавіта яна і насцярожыла Ірыну. Калі жанчына клікнула па ўказанай спасылцы, адрас ёй падаўся дзіўным. Для падстрахоўкі яна зайшла на сайт сапраўднай кур’ерскай службы і заўважыла: некаторыя літары ў адрасе не супадаюць. Пакупніца прапанавала іншы варыянт аплаты.
— СДЭК можна аплаціць праз АРІП, і я папрасіла ў іх нумар дагавора на дастаўку. Яны пачалі пісаць: «Не, не, плаціце так», — успамінае суразмоўніца. — Пры гэтым прасілі, каб на картцы абавязкова было 200 рублёў, іначай, бо я новы кліент, аплата не пройдзе. Гэта таксама дзіўна, калі ўлічыць, што дастаўка каштуе тры.
Калі на просьбу выслаць дагавор на дастаўку Ірыне адмовілі, яна зразумела: нешта не так. Пачала патрабаваць дакумент, на катэгарычнае «не» прапанавала вярнуць 250 рублёў, якія ўжо пералічыла «прадаўцам» на картку. Пагрозіла міліцыяй. Яны паведамілі, што вернуць усё праз тры дні. Калі ў агавораны тэрмін гэтага не адбылося, жанчына зноў напісала. У адказ пасыпаліся абразы.
— Яны заблакавалі мяне ў Instagram. У Telegram перапіска засталася, але фота знікла і з’явілася надпіс «быў у сетцы даўно», — працягвае яна.
Ад таго, каб махляры атрымалі магчымасць распараджацца карткай Ірыны, жанчыну ўратавала ўважлівасць да падазронай спасылкі. Усіх, хто папаўся на кручок «інтэрнэт-крамы», яна просіць звяртацца ў міліцыю.
Яшчэ аднаму мінчуку, які, атрымаўшы спасылку ад зламыснікаў, пачаў праводзіць аплату, пашанцавала менш, чым Ірыне. Паводле звестак СК, мужчына ўвёў даныя сваёй плацежнай карткі і пашпартныя звесткі. Калі сайт «адхіліў» ідэнтыфікацыйны нумар, зламыснікі запатрабавалі фотаздымак пашпарта і інфармацыю пра тое, кім і калі выдадзены дакумент. Мужчына даслаў фотаздымкі і звесткі — пасля чаго перапіску выдалілі, а з яго рахунку спісалі грошы. Пазней ён заўважыў падазроную актыўнасць па рахунку і заблакаваў картку.
Следчыя паведамляюць, што за гэты год махляры падманулі каля 80 жыхароў Мінска на суму не менш як 15 000 рублёў. Па кожным факце ўзбуджаны крымінальныя справы паводле арт. 209 КК (Махлярства).