У НАТА злавілі Пуціна на хлусні
- 15.10.2025, 7:48
Расія не здольная адказаць на Tomahawk.
Паўночнаатлантычны альянс пакуль не назірае, каб Расія вырабляла новую зброю, як запэўніваў дыктатар Уладзімір Пуцін.
Пра гэта заявіў высокапастаўлены чыноўнік НАТА, паведамляе РБК-Украіна.
«Што да рэакцыі на Tomahawk, так, я лічу, што мы не бачым новых відаў узбраення. Распрацоўкі расіян насамрэч не ўключалі ніводнага новага ўзбраення — ніякай новай зброі не было ўведзена. Мы назіраем звычайныя цыклы выпрабаванняў, якія Расія працягвае ў межах сваіх ваенных праграм на працягу ўсяго канфлікту», — адзначыў ён.
Паводле слоў чыноўніка Альянсу, найверагодней рэакцыя Расіі будзе праяўляцца ў безадказнай рыторыцы з брэцаннем ядзернай зброяй.
Таксама ён дапусціў, што магчыма абвастрэнне канфлікту ўздоўж усёй лініі фронту і новыя ўдары па Украіне ў якасці «пакарання».
«Але я не лічу, што існуе нейкая канкрэтная, нечаканая рэакцыя, якую расіяне маглі б ажыццявіць, якая была б непрадказальнай», — звярнуў увагу прадстаўнік НАТА.
Што сказаў Пуцін
Нагадаем, раней расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін заявіў, што адказ Расіі на магчымыя пастаўкі Украіне ракет Tomahawk — «гэта ўзмацненне СПА».
Таксама кіраўнік Крамля запэўніваў, што ў Расіі ўжо ў бліжэйшы час могуць абвясціць пра з'яўленне «новых відаў зброі».
Па словах Пуціна, ужо праходзяць «паспяховыя выпрабаванні».