Беларуску прызначылі кіраваць замкам у Францыі
- 14.10.2025, 21:17
Гэты замак упершыню згадваецца ў гістарычных дакументах у XIII стагоддзі.
Беларуска, якая жыве ў Францыі, Кацярына Мамліна стала кіраўніцай замка Кастэль Новэль, што знаходзіцца недалёка ад горада Брыв-ла-Гаярд у дэпартаменце Карэз, у рэгіёне Новая Аквітанія. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет».
Наша суайчынніца, захопленая ўсім старадаўнім, пераехала ў Парыж у юнацкім узросце, каб працягнуць вывучэнне гісторыі мастацтваў.
Добра пазнаёміўшыся з горадам і вывучыўшы яго, дзяўчына працавала экскурсаводкай для замежных турыстаў. Паступова яна адкрывала для сябе выдатныя гістарычныя славутасці краіны, а потым аднойчы, зусім выпадкова, наведала Карэз і закахалася ў яго.
Пасля пандэміі COVID Кацярына вырашыла кінуць усё і пасяліцца тут.
Спачатку жанчына працавала прадаўшчыцай. Але любоў да гісторыі яе не пакінула. Таму праз некаторы час Кацярына ўладкавалася на працу ў замак Кастэль Навэль, затым стала кіраваць суседнім замкам Цюрэн і, нарэшце, вярнулася ў Кастэль Новэль ужо ў якасці дырэктаркі.
Гэты замак упершыню згадваецца ў гістарычных дакументах у XIII стагоддзі. Найстарэйшая частка была ўзведзена ў сярэднявечча, пазней з цягам часу дадавалася астатняе. Бліжэй да нашых дзён будынкі прайшлі рэканструкцыю.
Падчас Стогадовай вайны замак на пэўны час захоплівалі англічане. Каля 350 гадоў ён знаходзіўся ва ўласнасці роду Абюсон. Адзін з апошніх уладальнікаў — Анры дэ Жувенэль, муж Калет, пісьменніцы, якая стварыла тут некалькі раманаў.
З сярэдзіны XX стагоддзя Кастэль Новэль пачалі выкарыстоўваць як гасцініцу з рэстаранам. У самым замку налічваецца 26 нумароў, яшчэ 10 — у катэджы, што знаходзіцца побач. Ёсць басейн і тэнісны корт. Вакол размешчаны парк плошчай 16,5 гектара.