СБУ апублікавала копію расійскага пашпарта мэра Адэсы Труханава
- 14.10.2025, 18:53
Яго пазбавілі грамадзянства Украіны.
Камісія пры прэзідэнце Украіны Уладзіміры Зяленскім па грамадзянстве на падставе доказнай базы СБУ прыняла рашэнне аб спыненні ўкраінскага грамадзянства мэру Адэсы Генадзю Труханаву. Аб гэтым 14 кастрычніка паведаміў прэс-цэнтр Службы бяспекі ў Facebook.
«Як устанавіла СБУ, станам на сённяшні дзень дзеючы гарадскі галава Адэсы Генадзь Труханаў з'яўляецца грамадзянінам РФ і мае дзеючы замежны пашпарт краіны-агрэсара», – сказана ў паведамленні.
У спецаслужбе адзначылі, што маюць копіі адпаведных дакументаў.
«Так, згодна з наяўнымі звесткамі, 15 снежня 2015 года, ужо пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны і часовай акупацыі Крыму, а таксама часткі Данецкай і Луганскай вобласцей, Генадзь Леанідавіч Труханаў атрымаў замежны пашпарт краіны-акупанта. Ён выдадзены тэрмінам на 10 гадоў і з'яўляецца дзеючым дакументам», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле даных СБУ, у 2017 годзе прадстаўнікі Труханава звярнуліся з заявай у расійскія ўпаўнаважаныя органы і ў выніку суд у Маскоўскай вобласці адмяніў яго ўнутраны пашпарт РФ.
«Але ў дадатковых тлумачэннях [суд] паведаміў, што адмяненне альбо адмова асобы ад такога дакумента «не цягне пазбаўлення грамадзянства Расійскай Федэрацыі, набытага асобай на законнай падставе», – указалі ў украінскай спецаслужбе.
Такім чынам, Генадзь Труханаў да гэтага часу застаецца грамадзянінам краіны-агрэсара РФ, а таксама мае ідэнтыфікацыйны код, які адлюстроўваецца ў базе даных Федэральнай падатковай службы РФ, — рэзюмавалі ў СБУ.