Samsung выпусціла ўнікальны складаны смартфон
- 14.10.2025, 18:06
Ён падтрымлівае спадарожнікавую сувязь.
Карпарацыя Samsung прадставіла ў Кітаі прэміяльны складаны смартфон W26. На гэта звярнула ўвагу прафільнае выданне SamMobile.
Мадэль W26 аказалася «крыху мадэрнізаванай» версіяй Galaxy Z Fold 7, які з'явіўся ў ліпені. Абодва апараты атрымалі складаны экран на 8 цаляў і 6,5-цалёвы вонкавы дысплей, а таксама флагманскі чып Snapdragon 8 Elite. Аднак W26 мае спецыяльную для рынку Кітая функцыю — убудаваную падтрымку спадарожнікавай сувязі. У астатнім свеце такой унікальнай опцыі няма.
Таксама, у адрозненне ад Galaxy Z Fold 7, яго кітайскі аналаг мае 16 гігабайт аператыўнай памяці, тады як мадэль для астатняга свету атрымала толькі 12 гігабайт аператыўнай памяці. Акрамя таго, у камплекце з W26 ёсць двухкаляровы кевларовы чахол, адаптар харчавання магутнасцю 25 ват, USB-кабель.
Як і Galaxy Z Fold 7, складаны флагман для кітайскага рынку мае патройную камеру з аб'ектывамі на 200, 12 і 10 мегапікселяў, абарону IP48 і акумулятар ёмістасцю 4400 міліампер-гадзін.