У Гомелі галоўнага ўрача і яшчэ 48 медыкаў прымусілі кампенсаваць шкоду за фіктыўную вакцынацыю ад COVID-19
- 14.10.2025, 14:08
Прышчэпкі «рабілі» нават памерлым.
У Гомелі завяршылася судовае разбіральніцтва па справе аб незаконным спісанні вакцын ад каранавіруса. Падставай для іску пракурора стала шкода, прычыненая адной з гарадскіх паліклінік, дзе медыцынскія работнікі заднім чыслом афармлялі нібыта выкарыстанне вакцын ад COVID-19.
Частка доз была спісаная фіктыўна — без правядзення рэальных прышчэпак, паведамілі ў пракуратуры, піша («Зеркало» https://news.zerkalo.io/accidents/110882.html?c).
Як устанавіў Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці, парушэнні адбываліся з студзеня 2022 па снежань 2024 года. Падчас пазапланавой праверкі спецыялісты выявілі шматлікія факты ўнясення ў справаздачнасць заведама ілжывых звестак: у спісах значыліся людзі, якія нібыта прайшлі вакцынацыю па некалькі разоў, прычым сярод іх апынуліся нават памерлыя. Некаторыя грамадзяне, пазначаныя як прышчэпленыя, пацвердзілі, што ніякіх прафілактычных мерапрыемстваў супраць COVID-19 ім не праводзілі.
Згодна з унутранымі працэдурамі, спісы прышчэпленых фарміравалі на тэрапеўтычных ўчастках і перадавалі ў працэдурныя кабінеты. Там даныя ўносілі ў журналы і накіроўвалі загадчыку аддзялення прафілактыкі, які складаў штомесячныя справаздачы аб выкарыстанні прэпаратаў. Гэтыя дакументы падпісвала галоўная медсястра, а зацвярджаў галоўны ўрач. Менавіта на падставе гэтых справаздач бухгалтэрыя праводзіла спісанне вакцын як выкарыстаных. Аднак праверкі паказалі, што рэальнага кантролю за расходаваннем прэпаратаў ніхто не ажыццяўляў.
У выніку фіктыўнага спісання ўтварылася шкода на суму звыш 190 тысяч рублёў. Пракурор Гомеля звярнуўся ў суд з патрабаваннем спагнаць сродкі з вінаватых супрацоўнікаў паліклінікі. Адказчыкамі па справе сталі 49 асоб, у тым ліку галоўны ўрач, яго намеснік, загадчыкі аддзяленняў, урачы агульнай практыкі, галоўная медсястра і іншыя медсястры.
Навабеліцкі раённы суд Гомеля задаволіў іск часткова, улічваючы маёмаснае становішча работнікаў. З іх на карысць медыцынскай установы спагнана больш за 185 тысяч рублёў. Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.