Літоўская велагоншчыца адмовілася падымацца на п'едэстал з расіянкай
- 14.10.2025, 13:57
Яна заявіла пра падтрымку Украіны.
У Нідэрландах літоўская велагоншчыца Дайва Тушлайтэ-Рагажынскене заваявала сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету па гравел-веласпорце ў узроставай групе ад 35 да 39 гадоў.
Першае месца заняла «нейтральная» Дар'я Правілава. Падчас цырымоніі ўзнагароджання бронзавая прызёрка з Бельгіі Эльке Цімперман паднялася на першую прыступку прызавога п'едэстала да расіянкі для сумеснай фатаграфіі, а літоўка засталася на сваім месцы.
У каментары для «Трыбуны» Дайва патлумачыла, чаму адмовілася стаяць побач з расіянкай.
«Маё рашэнне было спантанным, але шчырым. Я паважаю ўсіх спартсменаў, але, нягледзячы на тое, што спартсменка выступала пад нейтральным сцягам, я ўбачыла выразныя сімвалы і жэсты, якія ўказвалі на сувязь з Расіяй — у прыватнасці спяванне расійскага гімна на п'едэстале, калі афіцыйна гучаў нейтральны гімн — Ода да радасці Бетховена.
Для мяне гэты момант быў не пра палітыку, а пра чалавечыя каштоўнасці і павагу.
Стаяць убаку — гэта быў мой ціхі спосаб выказаць, што я не прымаю таго, што робіць Расія, і што я падтрымліваю Украіну, захапляюся мужнасцю і сілай украінскіх спартсменаў і народу», — распавяла Тушлайтэ-Рагажынскене.