Палітзняволеную Алену Лазарчык адправілі ў ПКТ
- 14.10.2025, 12:33
Раней яе некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА.
Актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алену Лазарчык, асуджаную на 9,5 года калоніі, адправілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на свае крыніцы.
Чаму і на колькі часу Алену адправілі ў ПКТ — невядома. Раней яе некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА (штрафны ізалятар).
Паводле крыніцы «Свабоды», Алена схуднела ў зняволенні, у яе пагаршаецца стан здароўя. Адваката да яе не пускаюць.
Алене Лазарчык 51 год, яна — актывістка «Еўрапейскай Беларусі», удава актывіста і абаронцы Курапатаў Сяргея Мацкойці (ён памёр у 2023 годзе).
У верасні 2022 года Алену прысудзілі да 8 гадоў калоніі, яе абвінавацілі паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК), стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК) і грубым парушэнні грамадскага парадку (арт. 342 КК). Пазней ёй дадалі яшчэ паўтара года калоніі паводле артыкула аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК). З таго часу Алена знаходзіцца ў ІК-24 у Зарэччы, калоніі, куды накіроўваюць адбываць пакаранне жанчын, якіх асудзілі паўторна.