BE RU EN

ЗША і Кітай зноў на мяжы гандлёвага канфлікту

  • 14.10.2025, 10:23

Пекін увёў зборы з амерыканських суднаў і абмежаваў экспарт рэдказямельных металаў.

Гандлёвае супрацьстаянне паміж ЗША і Кітаем абвастраецца пасля ўступлення ў сілу новых портавых збораў. З аўторка абедзве краіны пачалі спаганяць дадатковыя плацяжы з суднаў адна ад адной.

Пра гэта паведамляе ВВС.

У Кітаі заявілі, што ўведзеныя зборы скіраваныя на абарону нацыянальнай суднаходнай галіны ад «дыскрымінацыйных» дзеянняў ЗША. Яны датычацца суднаў, якія належаць або эксплуатуюцца амерыканскімі кампаніямі, у прыватнасці тых, дзе частка амерыканскага капіталу перавышае 25%.

Пекін абвясціў пра гэтыя меры мінулым тыднем, адначасова з увядзеннем кантролю за экспартам рэдказямельных металаў. У адказ прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагразіў дадатковымі 100% тарыфамі на кітайскія тавары.

Тым часам у ЗША ўступілі ў сілу новыя пошліны на імпарт драўніны, мэблі і кухоннага абсталявання, значная частка гэтага імпарту паступае з Кітая.

Міністр фінансаў ЗША Скот Бессент заявіў, што Трамп і кітайскі лідар Сі Цзіньпін могуць сустрэцца ў Паўднёвай Карэі ў канцы кастрычніка, каб абмеркаваць дээскалацыю.

«100% тарыф не абавязкова павінен быць уведзены... Адносіны, нягледзячы на тую заяву мінулага тыдня, добрыя. Каналы сувязі адноўленыя, таму паглядзім, да чаго гэта прывядзе», — сказаў Бессент.

У Пекіне ж адзначылі, што гатовыя і да перамоў, і да супрацьстаяння.

«Пазіцыя Кітая паслядоўная. Калі будзе барацьба, мы будзем змагацца да канца; калі будуць перамовы, дзверы адчыненыя. ЗША не могуць патрабаваць перамоў, адначасова ўводзячы новыя абмежавальныя меры з дапамогай пагроз і запалохвання. Гэта няправільны спосаб узаемадзеяння з Кітаем», — заявіў прадстаўнік Міністэрства гандлю Кітая.

Кітайскія дзяржаўныя СМІ абвінавацілі ЗША ў парушэнні марскога пагаднення паміж краінамі.

Паводле звестак выдання, портавы збор для амерыканскіх суднаў складзе 400 юаняў за тону і будзе штогод расці, дасягнуўшы 1120 юаняў у 2028 годзе.

Эксперты ацэньваюць, што некаторым буйным суднам ужо сёлета давядзецца плаціць да 3 млн долараў, а да 2028-га — больш за 10 млн. У той жа час кітайскія судны, што складаюць амаль палову сусветнага флоту, атрымалі вызваленне ад новых збораў.

Апошнія навіны