BE RU EN

Безагаворачнае паражэнне Пуціна

  • Ігаль Левін
  • 14.10.2025, 8:12

Пра гістарычную падзею, якая адбылася на Блізкім Усходзе, магу сказаць толькі дзве рэчы.

Гэта першая сапраўдная геапалітычная перамога Трампа і яго міратворчых намаганняў.

Так, да гэтага быў Іран, але там, як ужо неаднаразова казалася, усю працу за яго зрабіў Ізраіль, а Трамп далучыўся на завяршальнай стадыі. Тут жа на працягу ўсяго працэсу ініцыятыва цалкам была за Трампам.

Гэта поўнае і безагаворачнае паражэнне Пуціна на Блізкім Усходзе. Гэта другое запар геапалітычнае паражэнне Пуціна ўслед за Паўднёвым Каўказам, калі Аліеў і Пашынян у жніўні паціснулі адзін аднаму рукі ў Белым доме. І гэта трэцяе сакрушальнае геапалітычнае паражэнне Пуціна за апошнія 12 месяцаў, калі ўлічыць звяржэнне Асада ў снежні 2024.

Паражэнне, пад якім у пятніцу паставілі подпіс лідары Лігі арабскіх дзяржаў, адмовіўшыся ад паездкі на саміт у Маскву, — усяго двое з 22 лідараў прынялі запрашэнне.

Паражэнне, пад якім сёння яшчэ раз распішуцца ўдзельнікі саміту міру ў Шарм-эль-Шэйху, куды Расію нават не запрасілі.

Паставіўшы ўсё на Украіну, Расія губляе адзін рэгіён за другім. Яна не патрэбная як пасярэднік ні манархіям Персідскага заліва — там выдатна гэтую ролю выканаў Трамп, — ні Азербайджану з Арменіяй, дзе яна апошнія 35 гадоў толькі разпалвала вайну.

Хочацца верыць, што на Блізкім Усходзе настане хаця б адносны мір — зразумела, што з ХАМАС не ўсё так проста, што нікуды не дзеліся яго іранскія гаспадары. З ХАМАС ужо пачаліся ўскладненні — яны вярнулі целы толькі чатырох з 26 забітых закладнікаў.

Але мір хаця б у тым выглядзе, у якім ён цяпер на мяжы Ізраіля і Лівана, дзе «Хезбала» перыядычна абазначае сваю прысутнасць, але не здольная весці паўнавартасныя баявыя дзеянні, а Ізраіль падаўляе любыя спробы высунуцца.

Цяпер Трамп, як ён сам сказаў, выступаючы сёння ў Кнэсэце, зможа засяродзіцца на расійска-ўкраінскай вайне.

P.S.: Падзяляю радасць сем'яў, чых блізкіх сёння вызвалілі з закладнікаў праз два гады зняволення. І вечная памяць усім звярскім чынам забітым 7 кастрычніка 2023 года. Закладнікаў у ХАМАС больш не засталося.

Гэта была апошняя карта, якой ён мог шантажаваць Ізраіль.

Ігаль Левін, Telegram

Апошнія навіны