Трамп назваў палітыка, які можа дапамагчы ў завяршэнні вайны ва Украіне
- 14.10.2025, 7:39
У яго добрыя адносіны з Пуціным.
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што, на яго думку, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган мог бы дапамагчы ў завяршэнні вайны ва Украіне. Пра гэта ён сказаў падчас размовы з журналістамі на борце Air Force One.
Трамп падкрэсліў, што ў Эрдагана ёсць перавага дзякуючы добрым адносінам з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным.
«Так, Эрдаган можа. Яго паважае Расія. Што да Украіны — не магу вам сказаць, але Пуцін яго паважае», — сказаў Трамп.
Ён назваў Эрдагана сваім сябрам, адзначыўшы, што «ладзіць толькі з моцнымі, а не са слабымі», і падкрэсліў, што ў іх добрыя адносіны.
«Ведаеце, калі ў НАТА ўзнікаюць праблемы з Эрдаганам, што часта здараецца, яны тэлефануюць мне і просяць пагаварыць з ім. І я ні разу не пацярпеў няўдачы — усё вырашаецца літаральна імгненна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.