BE RU EN

Джордж Мартын даў рэдкі каментар пра працяг «Гульні тронаў»

  • 13.10.2025, 22:06

Пісьменнік заявіў, што ў яго «заўсёды былі праблемы з дэдлайнамі».

На фанатскім фестывалі «Comic Con» у Нью-Ёрку (ЗША) пісьменнік Джордж Р. Р. Мартын даў рэдкі каментар пра працяг «Песні лёду і полымя» — сагі, якая лёгла ў аснову серыяла «Гульня тронаў». Яго цытуе Entertainment Weekly.

Падчас размовы з Мартынам пісьменнік Джо Хіл пажартаваў пра тое, калі, нарэшце, выйдзе новая кніга сагі — «Ветры зімы», якую аўтар стварае з 2014 года.

«У мяне заўсёды былі праблемы з дэдлайнамі. І я не адчуваю сябе шчаслівым, парушаючы кантракты, прапускаючы тэрміны або нешта ў гэтым духу», — сказаў ён.

Пісьменнік таксама дадаў, што поспех выдуманага сусвету «Гульні тронаў» прывёў да таго, што тэлеканалы і студыі цяпер скупляюць правы на экранізацыю ўсіх яго мінулых прац, нават тых, якія ён лічыў камерцыйна непаспяховымі. Навіны пра гэтыя праекты, працягнуў ён, раздражняюць прыхільнікаў, і тыя працягваюць пытацца ў яго пра «Ветры зімы».

«І я хачу адказаць: „Хлопцы, я напісаў гэтую кнігу ў 1993 годзе. Яна ляжала ў шуфлядзе стала, яе захацелі купіць, і таму я яе прадаў!“», — дзеліцца ён.

Мартын адзначыў, што сапраўды любіць «Ветры зімы» і зацікаўлены ў працы над імі, але адклаў працу над кнігай дзеля іншых праектаў.

Да 2025-га года Джордж Мартын апублікаваў пяць кніг фантастычнага цыклу «Песня лёду і полымя». «Ветры зімы» павінны стаць шостай і перадапошняй кнігай серыі.

У сакавіку 2025 года Джордж Мартын паведаміў, што працуе над другім сезонам «Рыцара Сямі Каралеўстваў» — спінофам «Гульні тронаў».

13 лютага паведамлялася, што HBO рыхтуе новы спіноф «Гульні тронаў». Ён будзе прысвечаны Таргарыенам. Кіраўніца драматычных праектаў HBO Франчэска Орсі назвала будучы серыял «вельмі перспектыўным», але не стала раскрываць яго падрабязнасці.

Апошнія навіны