BE RU EN

Касмічны тэлескоп «Хабл» выявіў нешта нечаканае

  • 13.10.2025, 13:19

Незвычайная знаходка з’явілася на фатаграфіі спіральнай галактыкі.

На новым здымку спіральнай галактыкі NGC 6000, якая знаходзіцца на адлегласці 102 мільёны светлавых гадоў ад нас, відаць і яшчэ адзін аб’ект, які насамрэч знаходзіцца ў Сонечнай сістэме.

Касмічны тэлескоп «Хабл» паказаў, як каляровыя фільтры раскрываюць жыццёвыя цыклы зорак у спіральнай галактыцы NGC 6000, у той час як нечаканы астэроід мільгануў у кадры, піша Live Science.

Новы здымак спіральнай галактыкі з перамычкай NGC 6000, якая знаходзіцца на адлегласці 102 мільёны светлавых гадоў ад нас, у цэнтры напоўнены жоўтым колерам, а сіні колер пераважае на яе ўскраінах. Але менавіта тое, што гэтыя колеры расказваюць пра ўзрост, масу і тэмпературу зорак у галактыцы, робіць гэтую выяву сапраўды ўражальнай.

Жоўты колер распавядае гісторыю цэнтра спіральнай галактыкі NGC 6000, дзе знаходзяцца старыя, маленькія і халодныя зоркі. Гэтыя зоркі існуюць ужо мільярды гадоў. У астраноміі халодныя зоркі называюць чырвонымі, а самыя гарачыя — сінімі. Апошнія пераважаюць на ўскраінах галактыкі NGC 6000, дзе яе спіральныя рукавы запоўнены больш маладымі, гарачымі і буйнымі зоркамі. Яны існуюць некалькі мільёнаў гадоў.

Гэты здымак касмічны тэлескоп «Хабл» зрабіў падчас пошуку выбухаў звышновых. Таму галактыка бачная не цалкам. Звышновыя — гэта выбухі масіўных зорак, у якіх скончылася паліва для тэрмаядзернага сінтэзу ў ядры. Таму яны паміраюць. У выніку на месцы звычайных зорак узнікаюць або нейтронныя зоркі, або чорныя дзіркі.

Фото: NASA

Касмічны тэлескоп сфакусаваўся на слабым ззянні звышновых SN 2007ch і SN 2010as, што выбухнулі адпаведна ў 2007 і 2010 гадах. Але, здымаючы галактыку NGC 6000, тэлескоп «Хабл» зафіксаваў і нешта зусім іншае. Паглядзіце на правую частку выявы. Там відаць чатыры ледзь прыкметныя перарывістыя лініі. Гэта траекторыя руху астэроіда з Сонечнай сістэмы, які праляцеў праз поле зроку «Хабла», калі тэлескоп рабіў фатаграфіі галактыкі NGC 6000 з доўгай вытрымкай. Перарывістыя лініі маюць чырвоны і сіні колер, бо «Хабл» выкарыстоўваў фільтры ў чырвоным і сінім дыяпазонах для збору бачнага святла, што палягчае астраномам параўнанне зорак паводле іх колеру.

Хаця галактыка NGC 6000 знаходзіцца ў сузор’і Скарпіёна, якое ўлетку бачна ў Паўночным паўшар’і, яна размешчана паўднёвей нябеснага экватара. Гэта азначае, што яе лягчэй убачыць з Паўднёвага паўшар’я.

Апошнія навіны