BE RU EN

Два расійскія дроны ўпалі ў Брагінскім раёне

  • 13.10.2025, 10:53

Адзін — недалёка ад АЗС, другі ўпаў на прыватны дом.

Інцыдэнт адбыўся 1 кастрычніка, аднак «Флагштоку» пра гэта стала вядома толькі цяпер.

У той дзень маніторынгавыя каналы паведамлялі пра расійскія дроны ў паветранай прасторы Беларусі пры чарговай расійскай масіраванай атацы.

А 16:55 ТГ-канал «еРадар» праінфармаваў, што каля Хойнікаў у напрамку Жытомірскай вобласці Украіны рухаюцца 2 БПЛА.

Раней, каля 16:25, дрон праляцеў над Брагінам. Неўзабаве, а 18:05, ТГ-канал «Рында мониторит» паведаміў пра вылет аднаго БПЛА з Беларусі курсам на Чарнобыль.

Высветлілася, што тады два дроны выбухнулі ў Камарыне. Паводле слоў мясцовых жыхароў, адзін з іх упаў недалёка ад АЗС і выбухнуў у сасонніку, а другі ўпаў проста на прыватны дом, праломіўшы дах, але не выбухнуў.

— Мясцовых жыхароў у вялікім радыусе адсялялі надоўга, ніяк не маглі размінаваць. І часта, як і раней, дроны гудзяць над пасёлкам з разваротам на Кіеў або з пралётам на Брагін. Няма жыхарам спакою, — паведаміла крыніца.

Камарын знаходзіцца ў тым самым «кішэні», праз якую пралягае маршрут расійскіх БПЛА: знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, яны ўварваюцца ў Брагінскі раён Беларусі, ідуць транзітам і вылятаюць назад ва Украіну.

Апошнія навіны