«Першы тыдзень бясконца ўсміхалася»
- 13.10.2025, 9:45
Беларуская студэнтка расказала пра пераезд у Літву.
20‑гадовая студэнтка з Беларусі шчыра дзеліцца з чытачамі «Салідарнасці» сваімі першымі ўражаннямі ад пераезду ў Літву. А таксама страхамі, якія папярэднічалі.
«Праз пяць гадзін дарогі, нарэшце, змагла спакойна выдыхнуць»
Я прыехала ў Вільнюс у свядомым узросце сёлета. Да гэтага прыязджала сюды з бацькамі на выходныя ў далёкім 2012-м, калі яшчэ можна было без праблем даехаць у літоўскую сталіцу цягніком.
Нягледзячы на мае боязі (ЕГУ, у які я паступіла, беларускія ўлады маюць намер прызнаць «экстрэмісцкай арганізацыяй»), мяжу прайшла хутка. Вельмі перажывала з нагоды беларускага боку, бо ў мяне ёсць літоўская віза, якую мне адкрылі для вучобы. Было страшна, што спытаюць: «Адкуль яна ў вас? Якая мэта паездкі? Ці ўвогуле — якая мая палітычная пазіцыя?».
Тым не менш, без праблем прайшла беларускі і літоўскі кантроль, і ўжо праз пяць гадзін дарогі, нарэшце, змагла спакойна выдыхнуць.
Вільнюс стаў яшчэ прыгажэйшым з моманту майго папярэдняга візіту: зялёны, утульны і такі жывы. Тут я адчула, што свет не стаіць на месцы і можа быць такім іншым.
Тут і рэклама айфона, і сусветныя зоркі на білбордах (а не казіно і сацыяльныя ідэалагічныя пасланні), мноства інсталяцый і закладаў, упрыгожаных, кожны ў сваім стылі, утульных мясцінак, якія хочацца сфатаграфаваць.
Амаль на кожнай вуліцы ёсць касцёл, царква або іншыя помнікі архітэктурнай спадчыны. Вельмі прыгожы горад.
Першы тыдзень я хадзіла і бясконца ўсміхалася — не магла паверыць, што сапраўды знаходжуся тут. Перастала слухаць музыку 24/7, трывога адышла. Пачала слухаць горад, зноў шмат фатаграфаваць, звяртаць увагу на тое, што вакол мяне.
«Ці цяпер, ці ніколі»
Я нарадзілася і ўсё жыццё жыла ў Беларусі. Не магу сказаць, што з самага дзяцінства ўсё было дрэнна. Толькі пасля пандэміі каранавіруса і падзей 2020 года зразумела, што не бачу на радзіме сваёй будучыні.
Самацэнзура дасягнула нейкага немагчымага ўзроўню: я баялася гаварыць на вострыя тэмы, ужо нават знаходзячыся дома побач з тэлефонам і калонкай з Алісай. На вуліцы заўсёды азіралася, перш чым нешта сказаць, змоўкала пры выглядзе супрацоўнікаў МУС, якіх апошнім часам у Мінску можна сустрэць па чатыры чалавекі адразу, з аўтаматамі наперавес.
Абстаноўка вакол прыгнятала.
Рашэнне пра ад'езд далося нялёгка. Вядома, Літва зусім побач, але заўсёды было апасенне, што магчымасць прыехаць дадому, наведаць блізкіх, могуць адабраць у любую хвіліну.
Але з кожным днём думкі пра тое, што выбар зроблены правільна, пераважвалі. А калі прачытала навіны, што на ЕГУ хочуць павесіць статус «экстрэміста», зразумела: цяпер або ўжо ніколі. Першапачаткова я планавала, што буду прыязджаць у Беларусь на канікулы. Але цяпер разумею, што ў найбліжэйшыя гады наўрад ці змагу вярнуцца.
«Адчуваю сябе на сваім месцы»
Я жыву ў Вільнюсе некалькі тыдняў. За гэты перыяд сур'ёзных цяжкасцяў ні з чым не ўзнікала: мне дапамагалі ў крамах, былі ветлівыя ў міграцыйнай службе.
Я без боязі змагла падысці да паліцэйскага і спытаць у яго дарогу. Ніякіх праблем, пра якія па БТ кажуць пра Еўропу, не заўважыла. На вуліцах чыста, людзі ветлівыя, інтэрнэт лётае. Малочка, дарэчы, вельмі смачная, нічым не горшая за беларускую.
Тут лёгка збалансавана харчавацца, у крамах — выдатная сістэма лаяльнасці для пакупнікоў. Акрамя таго, вялікія зніжкі для студэнтаў — на інтэрнэт, 80% на праезд.
Большасць тых, з кім ужо пазнаёмілася, — гэта людзі з Беларусі. Мы можам адкрыта абмяркоўваць навіны, а не шэптацца і азірацца па баках. Тут мне значна спакайней, высыпаюся, адчуваю сябе на сваім месцы.