Меркель планавала вучыць армію РФ у цэнтрах з лазернай зброяй
- 13.10.2025, 8:19
Планы фактычна спынілі толькі пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе.
Германія збіралася дапамагчы Расіі стварыць восем сучасных ваенных трэніровачных цэнтраў — да таго, як Масква ўварвалася ў Крым у 2014 годзе. Пра гэта гаворыцца ў кнізе «Правал — расследаванне гісторыі палітыкі Германіі ў адносінах да Расіі», піша The Telegraph.
План, узгоднены ў часы канцлерства Ангелы Меркель, ацэньваўся ў 1 мільярд еўра. Згодна з ім, Бундэсвер павінен быў навучаць расійскіх вайскоўцаў на аснове нямецкага досведу. Для гэтага ў Расіі планавалі пабудаваць восем баявых палігонаў з самым сучасным абсталяваннем — лазернымі гарматамі, сістэмамі мадэлявання баёў, лекцыйнымі заламі і электроннымі сэнсарамі, па ўзоры нямецкага цэнтра пад Магдэбургам.
Праект курыраваў абарончы гігант Rheinmetall, які пастаўляў бы абсталяванне. Як пішуць аўтары кнігі, нямецкі ўрад «прыветна паставіўся да жадання Расіі супрацоўнічаць», нягледзячы на ўсё больш агрэсіўныя паводзіны Крамля.
Планы фактычна спынілі толькі пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе, калі стала зразумела, што Масква не імкнецца да партнёрства, а рыхтуецца да новых уварванняў.