BE RU EN

Стыхія парушыла электразабеспячэнне ў 37 населеных пунктах Віцебскай вобласці

  • 12.10.2025, 21:18

Найбольш пацярпеў Пастаўскі раён.

У 37 населеных пунктах Віцебскай вобласці парушана электразабеспячэнне з-за непагадзі 12 кастрычніка, паведамляе тэлеграм-канал мясцовага аблвыканкама.

«Складаныя пагодныя ўмовы з моцным парывістым ветрам і моцнымі ападкамі» названыя прычынай «парушэнняў у працы электрасеткавага комплексу».

Найбольш пацярпеў Пастаўскі раён, дзе «з-за ўзніклых адключэнняў абвешчаны асаблівы рэжым працы», заўважыў «Позiрк».

«У ліквідацыі наступстваў непагадзі задзейнічаны чатыры брыгады, 20 чалавек, чатыры адзінкі тэхнікі. Пры неабходнасці будуць прыцягнутыя дадатковы персанал і спецтэхніка. Асноўная прычына адключэнняў — дрэвы і галіны, што ўпалі на лініі электраперадачы і выклікалі абрывы і пашкоджанні правадоў», — адзначае аблвыканкам.

Заяўляецца, што прадпрыемствам «Віцебскэнерга» «прыняты ўсе неабходныя меры для арганізацыі аднаўлення электразабеспячэння спажыўцоў у максімальна кароткія тэрміны».

Пра наступствы непагадзі ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях паведаміла прэс-служба МНС.

«Сёння выратавальнікам паступіла паведамленне пра тое, што ў выніку праходжання парывістага ветру 15–20 м/с у аграгарадку Святласельскі і пасёлку Шуміліна (Віцебская вобласць) пашкоджаныя дахі чатырох шматкватэрных жылых дамоў і балконы яшчэ ў двух дамах, адзін аўтамабіль. Зафіксавана падзенне аднаго дрэва», — адзначае ведамства.

У Шумілінскім раёне працуюць супрацоўнікі мясцовага аддзела МНС, выкарыстоўваюцца дзве адзінкі тэхнікі і «12 чалавек жыллёва-камунальнай службы».

У Наваполацку зафіксавана падзенне аднаго дрэва, у Докшыцкім раёне — двух.

«Паводле аператыўных даных, у Крупскім раёне Мінскай вобласці пашкоджаныя дахі трох прыватных і двух шматкватэрных жылых дамоў, аднаго адміністрацыйнага будынка. Зафіксавана шэсць выпадкаў падзення дрэў у Барысаўскім, Валожынскім, Пухавіцкім і Смалявіцкім раёнах», — паведамляе МНС.

Паводле аператыўнай інфармацыі ведамства, пацярпелых няма. Работнікі МНС «праводзяць работы па распілоўцы і прыборцы паваленых дрэў».

У выніку шквалістага ўзмацнення ветру на тэрыторыі Круглянскага раёна (Магілёўская вобласць) разбураны будынак цялятніка ў вёсцы Старая Радча.

«Пад заваламі апынуліся жывёлы, што знаходзіліся ў будынку. Выратавальнікамі разам з работнікамі фермы і бліжэйшых гаспадарак з-пад абрынутых канструкцый эвакуявана 75 цялят, яны не пацярпелі», — удакладняецца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ветрам пашкоджаныя дахі пяці сельскагаспадарчых і вытворчых аб’ектаў.

Апошнія навіны