WP назвала найвялікшую пагрозу для Кітая
- 12.10.2025, 17:23
І гэта не ЗША.
Сёння самая сур'ёзная пагроза для Кітая звязаная не з палітыкай ЗША і не з дзеяннямі адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа, а з нарастаючым дэмаграфічным спадам, які ўжо дасягнуў гістарычных маштабаў. Пра гэта 11 кастрычніка паведаміла выданне The Washington Post
Насельніцтва Кітая скарачаецца беспрэцэдэнтнымі тэмпамі, і гэты працэс, як адзначаюць эксперты, будзе ўплываць на краіну і ўвесь свет на працягу дзесяцігоддзяў.
Запаволенне росту працоўнай сілы здольнае падарваць эканамічныя амбіцыі Пекіна стаць глабальнай дзяржавай, супастаўнай з ЗША. Адначасова дэфіцыт працоўных рэсурсаў можа парушыць ланцужкі паставак — ад цацак і абутку да смартфонаў і электрамабіляў, піша выданне.
Кіраўніца аддзела эканомікі Азіі ў Oxford Economics Луіза Лу заявіла, што «амаль немагчыма спыніць дэмаграфічнае падзенне». Паводле яе ацэнак, скарачэнне колькасці работнікаў можа паменшыць штогадовы рост ВУП прыкладна на 0,5% на працягу наступнага дзесяцігоддзя.
Прычыні дэмаграфічнага крызісу сягаюць у 1970-я гады, калі ў краіне была ўведзеная палітыка кантролю нараджальнасці. Кампанія «пазней, менш, радзей» і наступная палітыка аднаго дзіцяці (1979 г.) рэзка знізілі ўзровень нараджальнасці. Улады тады звярталіся да прымусовай стэрылізацыі і абортаў, а за перавышэнне квоты на дзяцей накладаліся велізарныя штрафы.
Калі нараджальнасць упала занадта нізка, дзяржава паспрабавала аслабіць абмежаванні: у 2016 годзе дазволілі мець двух дзяцей, а з 2021-га — трох. Аднак нараджальнасць так і не аднавілася: з 1,77 дзіцяці на жанчыну ў 2016 годзе паказчык знізіўся да 1,12 у 2021-м, адзначаюць СМІ.
Сітуацыю пагаршаюць высокія выдаткі на выхаванне дзяцей. Паводле дадзеных Інстытута дэмаграфіі YuWa, сярэдні кошт выхавання дзіцяці ў Кітаі складае каля $74 963, а ў мегаполісах кшталту Шанхая — да $140 747.
Колькасць шлюбаў таксама рэзка падае: у 2024 годзе зарэгістравана толькі 6,1 млн пар супраць 13,5 млн у 2013-м. Гэта прадвяшчае далейшае зніжэнне нараджальнасці, бо амаль усе дзеці ў Кітаі нараджаюцца ў зарэгістраваных сем’ях.
Дзяржава імкнецца стымуляваць шлюб і нараджальнасць — праз субсідыі, сацыяльны ціск і нават курсы знаёмстваў ва ўніверсітэтах. Аднак многія маладыя людзі аддаюць перавагу асабістай свабодзе і клопату пра пажылых бацькоў замест традыцыйнай сямейнай мадэлі.
Тым часам працягласць жыцця расце, і колькасць пажылых людзей у краіне падвоіцца ў бліжэйшыя 30 гадоў. Гэта створыць каласальную нагрузку на пенсійную сістэму і сацыяльныя рэсурсы. Паводле прагнозаў ААН, да 2100 года ў Кітаі людзей працаздольнага ўзросту стане менш, чым тых, хто знаходзіцца па-за ім.