Прэзідэнтка Малдовы: Масква не адмовілася ад планаў дэстабілізацыі краіны
- 11.10.2025, 19:30
Санду папярэдзіла, што Расія шукае новыя метады ціску і хоча сарваць курс краіны на Еўропу.
Прэзідэнтка Малдовы Маіа Санду папярэдзіла, што Расія будзе шукаць новыя метады ўздзеяння на краіну з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі.
Заяву прэзідэнткі Малдовы публікуе Deschide.
Як адзначыла Санду, Расія хоча выкарыстаць Рэспубліку Малдова супраць Украіны, таму і пачала гібрыдныя атакі на нашу дэмакратыю.
«Стратэгія Масквы была сістэмнай, выпрабаванай на мясцовых і рэгіянальных выбарах, дасягнуўшы кульмінацыі на леташніх прэзідэнцкіх выбарах і рэферэндуме па ЕС, які адбыўся, нягледзячы на маштабнае ўмяшанне. Аднак сапраўднай мэтай былі парламенцкія выбары гэтага года», — падкрэсліла Санду.
У выніку, паводле яе слоў, грамадзяне Малдовы пры падтрымцы інстытутаў, грамадзянскай супольнасці і свабоднай прэсы адстаялі права выбару. Яны прагаласавалі за дэмакратыю, за Еўропу і за мір.
«Але давайце будзем шчырымі: перамога часовая, гэта акно для ўмацавання ўстойлівасці і паскарэння еўрапейскай інтэграцыі. Расія будзе шукаць новыя метады і мэты. Калі аўтарытарныя рэжымы адаптуюцца хутчэй за дэмакратыю, свабода будзе страчана», — адзначыла яна.
Санду падкрэсліла неабходнасць вярнуць грамадзянам упэўненасць у тым, «што дэмакратыя — гэта не слабасць, а сіла, якую неабходна штодня абараняць сваім удзелам, пільнасцю і мужнасцю».
«Рэспубліка Малдова гатовая падзяліцца сваім досведам, поспехамі, памылкамі і барацьбой, якая працягваецца, з любой дэмакратычнай краінай, якая сутыкнулася з аналагічнымі небяспекамі. Бо абарона дэмакратыі сёння — гэта не нацыянальны, а калектыўны праект», — падсумавала прэзідэнтка.