Расія хоча забраць беларускі бензін
- 11.10.2025, 22:33
Крэмль патрабуе столькі, што самім беларусам не хопіць.
Зарэва пажару, што ўзнікла пасля ўкраінскага ўдару ў ноч на 6 кастрычніка па нафтабазе ў Феадосіі, было відаць за дзясяткі кіламетраў. Сутыкнуўшыся з дэфіцытам бензіну з-за ўкраінскіх удараў, Расія хоча кампенсаваць яго за кошт паставак з Беларусі. Каб выканаць расійскі запыт, беларускім заводам давядзецца працаваць на максімуме. І то не факт, што бензіну ўсім хопіць.
Пра тое, ці пагражае Беларусі дэфіцыт бензіну, распавёў эканаміст Андрэй Махоўскі у новым выпуску праграмы «Аптымум» на YouTube-канале «Беларусы і рынак».
Нафтабаза ў Феадосіі — самая буйная нафтабаза ў Крыме. Яе агульная ёмістасць складае 250 тысяч тон паліва. З яе, між іншым, забяспечваюцца расійскі флот і расійскія сухапутныя войскі.
Але нафтабаза — гэта разавая шкода. 7 кастрычніка агенцтва Reuters паведаміла, што Кірышскі НПЗ у Ленінградскай вобласці пасля ўкраінскага ўдару спыніў на рамонт адну з першасных установак перапрацоўкі нафты, магутнасць якой складае 40 працэнтаў ад агульнай магутнасці завода.
А гэты завод — адзін з найбуйнейшых у Расіі. За мінулы год ён перапрацаваў 17,5 мільёна тон нафты, вырабіў 7 мільёнаў тон дызеля, 6 мільёнаў тон мазуту і 2 мільёны тон бензіну. Па папярэдніх ацэнках, рамонт працягнецца месяц.
Але каб жа гэта быў адзін завод. З жніўня ахвярамі ўкраінскіх удараў сталі ўжо 18 НПЗ у Расіі. Паводле розных ацэнак гэтыя ўдары вывелі з ладу ці то 17, ці то 23 працэнты магутнасцяў расійскіх НПЗ.
З моманту пачатку атак у жніўні ад іх пацярпелі 18 з 38 расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Многія — не адзін раз. То-бок, рамантаваць бессэнсоўна. Усё адно потым зноў прыляціць. І вось гэты сістэмны падыход — галоўнае, чым цяперашняя хваля атак адрозніваецца ад усіх папярэдніх.
Цяпер паламаныя НПЗ — гэта ўжо не толькі чэргі на запраўках і бензін па талонах. Хаця чэргі на запраўках і бензін па талонах — таксама не нагода для радасці.
Але цяпер паламаныя НПЗ — гэта праблема больш глабальнага характару. Бо калі бензін даражэе, ён цягне ўверх інфляцыю. За апошні тыдзень верасня тыднёвая інфляцыя ў Расіі склала 0,13 працэнта, за першы тыдзень жніўня — 0,23. Гэта самы высокі паказчык тыднёвай інфляцыі з ліпеня.
А з другога боку, калі бензіну няма або ён па талонах, развальваецца ўся ўнутраная лагістыка. І, вядома, расійскім уладам трэба нешта з гэтым рабіць.
Таму расійскія ўлады робяць выгляд. На мінулым тыдні «Коммерсант» апублікаваў ліст расійскага віцэ-прэм’ера Аляксея Новака з прапановамі па вырашэнні праблемы дэфіцыту бензіну. І галоўная з гэтых мер — штомесяц купляць па 300 тысяч тон бензіну ў Беларусі.
Уласна, паводле дадзеных Reuters, ужо ў верасні Расія купіла ў Беларусі 50 тысяч тон бензіну, і гэта ў чатыры разы больш, чым у жніўні. Але 300 тысяч тон — гэта зусім іншае. Гэта той самы класічны выпадак, калі аб’ём мае значэнне. Бо 300 тысяч тон бензіну — гэта вельмі амбівалентная лічба.
Мінулым годам Расія ў сярэднім вырабляла за месяц 3,4 мільёна тон бензіну. Гэта ўжо было меней, чым годам раней. Бо ў мінулым годзе таксама былі ўдары ўкраінскіх дронаў, хоць і ў меншых маштабах.
Калі зыходзіць з гэтага аб’ёму і лічыць па мінімальнай мяжы, атрымліваецца, што Расія ўжо страціла 580 тысяч тон вытворчасці бензіну ў месяц. А калі лічыць па верхняй мяжы — гэта 800 тысяч тон. То-бок, каб закрыць дэфіцыт, беларускага бензіну Расіі не хопіць. Увогуле 300 тысяч тон для Расіі — гэта занадта мала.
Але пры гэтым для Беларусі 300 тысяч тон, наадварот, занадта шмат. Бо нам самім ужо можа не хапіць. Беларускае ўнутранае спажыванне бензіну — гэта 80–100 тысяч тон у год. Максімальная сярэднямесячная вытворчасць была парадку 340 тысяч тон.
Зразумела, што на самой справе такой раўнамернасці ў вытворчасці бензіну няма. Пэўныя ўстаноўкі адключаюць на рамонт, на прафілактыку, і месячная вытворчасць адпаведна падае. У іншыя месяцы вырабляюць больш. І ваганні могуць быць значнымі.
То-бок, у прынцыпе, Беларусь можа паставіць 300 тысяч тон бензіну ў Расію і яшчэ забяспечыць сябе. Асабліва калі распячатаць стратэгічныя запасы бензіну.
Але так нельга рабіць доўга. Запасы скончацца, а заводы не могуць пастаянна працаваць на максімальнай загрузцы. Ад гэтага яны ламаюцца.
Не кажучы ўжо пра тое, што для Беларусі гэтая здзелка ў прынцыпе не надта выгадная. Па-першае, нават падаражэлы бензін у Расіі ўсё роўна таннейшы, чым на тых рынках, куды мы яго прадаём.
А па-другое, гэты бензін, які мы вырабім, мы насамрэч нават прадаць не зможам. Бо гаворка пра пастаўкі нафты на давальніцкіх умовах. То-бок расійскія кампаніі прывязуць сваю нафту, а потым забяруць свой бензін, заплаціўшы беларускім заводам за перапрацоўку. Але ніякай дадатковай маржы ад гэтай продажы мы не атрымаем.
Але адмовіць саюзніку дыктатар Аляксандр Лукашэнка, вядома, не можа. Бо калі адмовіць, тады наагул ніякага бензіну не застанецца.