Каля ўзбярэжжа Філіпін адбыўся магутны землятрус
- 10.10.2025, 10:15
Ёсць пагроза цунамі.
Паблізу паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Філіпін адбыўся землятрус магнітудай 7,4 бала па шкале Рыхтара. У рэгіёне абвешчана пагроза цунамі.
Пра гэта паведамляе CNN.
Паводле дадзеных Геалагічнай службы ЗША (USGS), штуршкі зафіксаваны ля ўсходняга ўзбярэжжа вострава Мінданаа, прыкладна ў 123 кіламетрах ад сталіцы вострава — горада Даваа, на глыбіні 58,1 кіламетра.
Паводле Phivolcs, магнітуда штуршкоў склала 7,6. Паведамленняў пра разбурэнні не паступала.
Філіпінскі інстытут вулканалогіі і сейсмалогіі (Phivolcs) паведаміў, што «чакаецца разбуральнае цунамі з небяспечнымі для жыцця хвалямі» і заклікаў жыхароў прыбярэжных раёнаў усходніх і паўднёвых рэгіёнаў Філіпін эвакуавацца.
Сістэма папярэджання пра цунамі ЗША паведаміла, што на асобных ўчастках узбярэжжа Філіпін вышыня хваль можа дасягаць 1–3 метраў.
На ўзбярэжжах Інданезіі і астраўной дзяржавы Палау чакаюцца хвалі вышынёй ад 30 сантыметраў да 1 метра.
Філіпіны размешчаныя ўздоўж так званага Ціхаакіянскага вогненнага кальца - дугі працягласцю каля 40 тысяч кіламетраў, утворанай сістэмай сейсмічных разломаў вакол Ціхага акіяна, дзе сканцэнтравана больш за палову ўсіх вулканаў планеты і рэгулярна адбываюцца магутныя землятрусы.