BE RU EN

У кастрычніку беларусаў чакае шэсць зоркападаў

  • 1.10.2025, 22:30

Названыя даты.

Усе прывыклі, што самыя яскравыя зоркапады ў нашай краіне можна назіраць у жніўні. Але кастрычнік таксама прыносіць шмат прыемных візуальных уражанняў.

У гэтым месяцы пры ўмове малааблочнага надвор'я можна будзе паназіраць адразу за шасцю зоркападамі. Пра гэта распавяла старшая навуковая супрацоўніца Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута Яўгенія Краўчанка, паведамляе агенцтва «Масква».

З'явы будуць прыкметныя ў Паўночным паўшар'і Зямлі на працягу ўсяго месяца. Чакаюцца два буйныя і чатыры дробныя зоркапады. Найбольш яскрава падаючыя зоркі будуць відаць у ноч на 22 кастрычніка. Гэта будуць Арыяніды, якія будуць актыўнымі з 2 кастрычніка па 7 лістапада.

Таксама неўзброеным вокам зямляне змогуць палюбавацца Драканідамі. На іх актыўнасць адведзена менш часу — з 6 па 10 кастрычніка. Максімальнай інтэнсіўнасці (каля пяці метэораў за гадзіну) паток дасягне ў ноч на 9 кастрычніка 2025-га.

Для лепшага назірання за падаючымі зоркамі варта выязджаць за межы горада, каб пазбегнуць светлавога забруджвання.

«Знайдзіце адкрытае месца з шырокім аглядам неба. Дайце вачам 15–20 хвілін, каб прыстасавацца да цемры. Не карыстайцеся тэлефонам і іншымі крыніцамі белага святла», — параіла вучоная.

У кастрычніку таксама можна будзе ўбачыць менш інтэнсіўныя малыя метэорныя патокі. Вось іх спіс:

Кастрычніцкія Камелапардаліды — пік 5 кастрычніка

Дэльта-Аўрыгіды — максімум 11 кастрычніка

Паўднёвыя Таурыды — пік 13 кастрычніка

Эпсілон-Гемініды — найбольш актыўныя 18 кастрычніка.

Апошнія навіны