BE RU EN

Калі акіянскае цяпло сагрэе Беларусь?

  • 1.10.2025, 21:29

Сіноптыкі распавялі пра тэмпературу вышэй за норму.

Канец верасня паспеў здзівіць беларусаў раптоўнымі замаразкамі і рэзкім паніжэннем тэмпературы, але ўжо зусім хутка тэмпература паветра падымецца. Сіноптыкі распавялі, калі на тэрыторыі распаўсюдзяць свой уплыў паўднёвыя цыклоны і прыйдзе акіянскае цяпло.

У тэлеграм-канале «Метеовайб» патлумачылі, што працяглы час на Беларусь уплывае антыцыклон, які блакуе заходні перанос паветраных мас. На яго паўднёвай перыферыі з усходнімі патокамі ў рэспубліку паступае прахалодная паветраная маса.

Але ўжо да найбліжэйшых выходных, 4 і 5 кастрычніка, сітуацыя зменіцца. Цэнтр антыцыклональнага блоку зрушыцца ўсходней, а на надвор’е ў Беларусі паўплываюць паўднёвыя слабеючыя цыклоны.

Так, у суботу, 4 кастрычніка, большая частка Беларусі апынецца ў цёплым сектары аднаго з паўднёвых цыклонаў — тэмпература пойдзе ўверх. А ў нядзелю, 5-га, пярэдняя частка глыбокага Атлантычнага цыклона над поўднем Скандынавіі ўзмоцніць перанос акіянскага цяпла.

«Па поўдні Беларусі ў выходныя тэмпература можа павысіцца да +16°С», — паведамілі ў «Метеовайб».

І ўжо на наступным тыдні, з 6 па 12 кастрычніка, на тэрыторыі краіны адновіцца звыклы для яе заходні перанос паветраных мас з умерана цёплым ветраным надвор’ем і ападкамі.

Дарэчы, і пагроза начных замаразкаў стане значна меншай да пачатку другой дэкады кастрычніка. Паводле інфармацыі Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор’я (ECMWF), сярэдняя тэмпература наступнага тыдня можа быць вышэй за кліматычную норму.

Дарэчы, у Белгідрамеце пацвердзілі, што ў суботу, 4 кастрычніка, будзе цяплей, чым у чацвер і пятніцу. Паводле прагнозу сіноптыкаў, удзень у першы кастрычніцкі выходны паветра прагрэецца да +9..+15°С, а па паўднёва-ўсходзе Беларусі нават да +17°С.

І месцамі па рэспубліцы пройдуць дажджы ў гэты дзень.

Апошнія навіны