У Беларусі выяўляецца ўсё больш выпадкаў заражэння стратусам
- 1.10.2025, 13:47
Гэта новы штам COVID-19.
У краіне распаўсюджваецца стратус — новы варыянт каранавіруса, які, паводле слоў намесніцы міністра аховы здароўя і галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Святланы Нячай, «мае высокую ўдзельную вагу ў структуры вызначаных вірусаў, што фарміруюць захворвальнасць на рэспіраторныя інфекцыі». Пра гэта яна заявіла 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску, піша «Позiрк».
«Мы працягваем актыўна падарожнічаць, працягваецца актыўнае наведванне нашай краіны гасцямі з-за яе межаў. Таму рух віруса спыніць немагчыма. У Рэспубліцы Беларусь стратус ёсць. І, улічваючы яго высокую заразнасць на фоне невысокай патагеннасці, колькасць выпадкаў яго выяўлення расце. Гэты вірус ужо ўстойліва заняў нішу, пры гэтым істотна не змяніўшы клінічную карціну, з якой паступаюць пацыенты», — адзначыла чыноўніца.
Паводле медыцынскіх крыніц, штам стратус на 30% больш заразны за амікрон. Сярод асноўных сімптомаў: галаўны боль, боль у горле, кашаль, насмарк, закладанне носа, умераная ліхаманка і слабасць. Адметнай асаблівасцю лічыцца хуткае развіццё хрыпласці голасу, аж да часовай страты.
Нячай параіла прадстаўнікам груп рызыкі вакцынавацца супраць каранавіруса.